Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42

Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30

Панарама
Панарама
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
8 студзеня 2019

Лукашэнка прысудзіў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэміі дзеячам культуры і мастацтва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведныя ўказы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Па выніках 2018 года прысуджаны чатыры прэміі "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб'яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Высокай узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка, аўтараў музыкі і тэкстаў песень, за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў сучасным эстрадным мастацтве, стварэнне цыкла высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнага напрамку.

Прэмія прысуджана калектывам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што садзейнічае прымнажэнню духоўнай спадчыны.

Калектыў Беларускага дзіцячага хоспіса ўдастоены прэміі "За духоўнае адраджэнне" за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, сцвярджэнне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, значны ўклад у стварэнне нацыянальнай сістэмы дзіцячай паліятыўнай медыцынскай дапамогі, будаўніцтва на дабрачыннай аснове і арганізацыю работы дзіцячага хоспіса ў пасёлку Вопытны Мінскага раёна.

Узнагарода таксама будзе ўручана калектыву Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця за значны ўклад у сцвярджэнне маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на сацыялізацыю асоб з абмежаванымі магчымасцямі.

За выдатныя дасягненні ў сферы прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны дзевяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

Высокай узнагароды ўдастоены заслужаны калектыў Беларусі "Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" за выдатныя дасягненні ў галіне музычнага мастацтва, рэалізацыю ў 2017-2018 гадах патрыятычнага творчага праекта "Айчыне служым".

Калектыву Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва спецыяльная прэмія Прэзідэнта прысуджана за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, актыўную гуманітарную і дабрачынную дзейнасць, захаванне рэгіянальных і культурных традыцый.

Сярод лаўрэатаў таксама калектыў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, узнагароджаны за выдатныя дасягненні ў навучанні і выхаванні творчай моладзі, значны ўклад у развіццё нацыянальнай школы класічнага танца і правядзенне дабрачынных праектаў "Творчасць юных - роднай Беларусі", "Дзеці дзецям", "І памятае свет выратаваны".

Вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы народны артыст Беларусі Віктар Манаеў удастоены ўзнагароды за высокае прафесійнае майстэрства, значныя дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва, стварэнне ў тэатральным сезоне 2017-2018 гадоў вострахарактарных вобразаў у спектаклях "Рэвізор" і "Школа падаткаплацельшчыкаў".

Калектыў народнага сямейнага ансамбля "Сваякі" філіяла "Дом культуры аграгарадка Юбілейны" Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўзнагароджаны прэміяй за захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускіх традыцый сямейнай аматарскай творчасці, арганізацыю і правядзенне фестывалю-конкурсу творчых сямейных дынастый "Сваякі запрашаюць".

Высокай узнагародай адзначаны аўтарскі калектыў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў складзе начальніка ўпраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарату Савета ФПБ Сяргея Камадзея, яго намесніка Алены Голубевай, старшыні Ганцавіцкага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Наталлі Кандратовіч. Прэмія ім прысуджана за выдатныя дасягненні ў галіне эстраднага мастацтва і правядзенне ў 2018 годзе цыкла канцэртаў рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі "Мы - разам!", прымеркаванай да Года малой радзімы.

У спіс лаўрэатаў таксама ўключаны творчы калектыў былых малалетніх вязняў фашызму "Лёсы" за значныя дасягненні ў справе захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, патрыятычнае выхаванне моладзі, дастойнае прадстаўленне Беларусі ў час акцыі "Не фашызму! Дзяцінства без вайны!".

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі прысуджана народнаму інструментальнаму ансамблю "Нясвіжскія лыжкары" за значны ўклад у папулярызацыю музычнага мастацтва, мэтанакіраваную работу па эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення, актыўную канцэртную дзейнасць.

Магістрант Інстытута магістарскай падрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, уладальніца тытулаў "Міс Беларусь - 2018" і "Міс свету Еўропа" Марыя Васілевіч удастоена ўзнагароды за значны ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і актыўную дабрачынную дзейнасць.

Прыняцце ўказаў з'яўляецца яркім сведчаннем пастаяннай увагі дзяржавы да фарміравання ў беларускім грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, развіцця беларускай культуры і мастацтва.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)