Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42

Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30

Набярэжная возера Кагальнае
Набярэжная возера Кагальнае
Галоўная / Навіны / Навіны вобласці
17 красавіка 2023

Дзве выставы майстроў народнай творчасці адкрылiся ў Віцебску

Выставы з узорамі вязаных у розных тэхніках вырабаў і работ майстроў Падсвільскага дома рамёстваў з Глыбоцкага раёна адкрылiся ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (АМЦНТ). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

На абласной выставе-конкурсе "Ой праду, праду кудзеліцу..." можна будзе азнаёміцца з творамі арнаментальнага вязання, рэплікамі артэфактаў старадаўняй тэхнікі вязання, вырабамі з валенай воўны, аб'ёмнымі ўзорамі вязанага тэкстылю, дызайнерскімі рэчамі для ўпрыгожвання інтэр'ераў і інш. "На выставе можна будзе ўбачыць вязаныя рукавіцы, панчохі, шкарпэткі, сурвэткі, шапкі, шалікі, сувеніры. Таксама будуць прадстаўлены ўзоры з валенай воўны - валёнкі, курткі, шапкі, рукавіцы, цацкі і іншае. У дзень адкрыцця і далей на працягу работы выставы будуць праходзіць майстар-класы па прадзенні нітак з ільну, воўны, крапівы, па рознай тэхніцы вязання і пляцення, валянні з воўны, пляценні рыбалоўных сетак, абутку і вырабаў у тэхніцы макрамэ, фрывалітэ, на каклюшках і гэтак далей", - расказалі ў АМЦНТ.

На другой выставе свае творы прадставiлi майстры Падсвільскага дома рамёстваў, які з'яўляецца філіялам Глыбоцкага дома рамёстваў. Асноўны напрамак дзейнасці ўстановы культуры - адраджэнне, захаванне, папулярызацыя і перадача падрастаючаму пакаленню рэгіянальных асаблівасцей, тэхналогій традыцыйнай народнай творчасці Глыбоцкага раёна. У доме рамёстваў займаюцца ганчарствам, саломапляценнем, выцінанкай, вышываннем, разьбой па дрэве, роспісам маляванак, ткацтвам на станку, вырабляюць беларускія лялькі, тканыя паясы і шмат іншага. Наведвальнікі выставы змогуць азнаёміцца з асаблівасцямі прыкладной творчасці, уласцівай глыбоцкай зямлі.

Экспазіцыі можна наведаць да 6 мая.

БелТА