Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42
Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30
У Віцебску праўнучка Янкі Маўра, выдатнага беларускага дзіцячага пісьменніка, Васіліна Міцкевіч расказала студэнтам пра малавядомыя факты яго біяграфіі, сваяцтва з Якубам Коласам і ўнікальныя экспанаты выставы ў абласным краязнаўчым музеі, якая прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння класіка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Васіліна Міцкевіч з'яўляецца праўнучкай адразу двух вядомых пісьменнікаў - Янкі Маўра і Якуба Коласа. Малодшы сын Коласа (сапраўднае імя Канстанцін Міцкевіч) Міхаіл Міцкевіч быў жанаты з дачкой Янкі Маўра (сапраўднае імя Іван Фёдараў) Наталляй. Захавальніца спадчыны двух класікаў айчыннай літаратуры ў бягучым годзе прадставіла ў Віцебску выставу, прысвечаную значнай даце з дня нараджэння аўтара "Палескіх рабінзонаў".
"Тут экспануецца шмат фатаграфій з нашага сямейнага архіва, на іх паказаны Янка Маўр у розныя перыяды жыцця. Ёсць унікальныя прадметы, напрыклад, арыгінал кнігі з аўтографам, якую прадзед падарыў майму дзядзьку - Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу, поўнаму цёзцы Якуба Коласа. На выставе можна ўбачыць асабістыя рэчы прадзядулі, яго пісьмовыя прылады, а таксама даведацца пра многія факты, якія не сустракаюцца ў энцыклапедыях", - паведаміла Васіліна Міцкевіч.
Яна адзначыла, што ў іх сям'і прытрымліваюцца традыцыі, якую заклалі прадзеды, што працавалі ў школе. Хто-небудзь з кожнага пакалення Міцкевічаў-Фёдаравых абавязкова становіцца настаўнікам. Таксама нашчадкі двух выдатных дзеячаў беларускай літаратуры заўсёды святкуюць дні нараджэння пісьменнікаў. "Многія пытаюць, чаму ў Янкі Маўра пазначаны дзве даты нараджэння. Справа ў тым, што пры пераводзе на новы каляндар дата зрушылася, але мой прадзед нарадзіўся раней, і мы заўсёды адзначаем чарговую гадавіну з дня яго нараджэння менавіта 10 мая. Пісьменніцкія гены перадаліся некаторым яго дзецям і ўнукам. Я, напрыклад, пішу навуковыя артыкулы, прысвечаныя жыццю маіх прадзедаў, а таксама ўступы да перавыдаваемых кніг", - падзялілася госця абласнога цэнтра і дадала, што ў яе сям'і захоўваецца і пераемнасць імёнаў. Так, яе брата таксама клічуць Іван, як прадзядулю.
На сустрэчы з віцебскімі студэнтамі Васіліна Міцкевіч расказала, якія выпрабаванні выпалі на долю Янкі Маўра ў дзяцінстве, чаму ён так позна пачаў пісаць, як выбіраў творчы псеўданім і здзіўляў замежных чытачоў дэталізаваным апісаннем мясцін, у якіх ніколі не бываў. За гэта яго празвалі беларускім Жуль Вернам.
Іван Фёдараў, з'яўляючыся настаўнікам геаграфіі і гісторыі, умеў заахвоціць сваіх вучняў да падарожжаў, спазнання, а калі пісаў свае творы, то доўга вывучаў па кнігах краіны, пра якія пісаў. Янка Маўр вельмі сур'ёзна ставіўся да дзіцячай літаратуры, бо заўсёды лічыў дзяцей асабліва прыдзірлівымі, удумлівымі і ўважлівымі чытачамі. Класік гаварыў, што юныя паклоннікі яго творчасці здольныя ўбачыць у кнігах тое, што не заўважыць дарослы, а таму трэба быць максімальна праўдзівым, вучыць падрастаючае пакаленне праз кнігі любіць сваю зямлю і берагчы яе.