28 лістапада 2025 года праходзіць Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Зімовыя шыны – залог бяспекі!»
28 лістапада 2025
З прыходам халадоў у аўтааматараў з'яўляецца шэраг праблем, звязаных з умовамі надвор'я. Гэта і нізкая тэмпература, і галалёд, і снежныя заносы, якія хаваюць у сабе не менш небяспек, чым абледзянелая дарога. Дасведчаныя кіроўцы ведаюць, што правільная ацэнка дарожных умоў, уменне прымяняць навыкі кіравання, своечасовы кантроль тэхнічнага стану аўтамабіля і дакладнае выкананне патрабаванняў Правілаў дарожнага руху дазваляюць упэўнена адчуваць сябе на зімовай дарозе.
Згодна з Правіламі дарожнага руху, з 1 снежня па 1 сакавіка пры ўдзеле ў дарожным руху аўтамабілі павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Дадзенае патрабаванне распаўсюджваецца на аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 тон.
За ўдзел у дарожным руху транспартных сродкаў, не абсталяваных зімовымі шынамі, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 1 базавай велічыні. Паўторнае такое парушэнне на працягу года цягне адказнасць ад 2 да 5 базавых велічынь.
Зімовыя пакрышкі вырабляюцца са спецыяльнага матэрыялу, які здольны захаваць эластычнасць у мароз і таму забяспечвае лепшае счапленне са снежнай і лядовай дарогай – па выніках тэстаў на 50-60% вышэй, чым у ўсесезонных шын. Пры падзенні тэмпературы паветра ніжэй за 5 градусаў, летняя гума губляе свае ўласцівасці, становіцца цвёрдай, што адбіваецца на тармазным шляху і паводзінах аўтамабіля на дарозе.