Будущие герои на старте: прошёл районный слёт клубов юных спасателей-пожарных

Будучыя героі на старце: прайшоў раённы злёт клубаў юных ратавальнікаў-пажарных

Глыбокае. Будучыя героі на старце: прайшоў раённы злёт клубаў юных ратавальнікаў-пажарных

Глыбоцкая раённая гімназія на некаторы час ператварылася ў сапраўдны «пункт» бяспекі. Тут прайшоў злёт клубаў юных ратавальнікаў-пажарных — падзея, якая аб'яднала самых актыўных, смелых і падрыхтаваных школьнікаў з усяго раёна. І хай у іх пакуль няма баявой формы і звання, але дух ратавальніка ўжо ў сэрцы кожнага.

 

Раніцай на базе раённай гімназіі сабраліся каманды з розных куткоў Глыбоцкага раёна. Сцягі, эмблемы, дэвізы усё як на сапраўдным свяце бяспекі. Хлопцы прыехалі не проста спаборнічаць, а паказаць, што яны гатовыя дзейнічаць, дапамагаць і вучыцца. Кожная каманда праходзіла выпрабаванні. І хоць усё было ў гульнявой форме, але эмоцыі былі сапраўднымі. Заўзятары крычалі, суддзі фіксавалі секунды, а ўдзельнікі змагаліся не за медалі, а за званне лепшых юных ратавальнікаў.

Хутка надзець баёўку, патушыць «пажар», эвакуіраваць «пацярпелага», адказаць на пытанні па першай дапамозе, правілах паводзін пры надзвычайных сітуацыях, творча прадставіць сваю каманду, прадэманстраваць зладжанасць і адточаны крок усё гэта пра злёт.

На працягу творчага выступлення з дапамогай музычных кампазіцый, танцавальных замалёвак, мініяцюр каманды распавядалі пра свой уклад у папярэджанне пажараў, гібель людзей на пажарах, пра стаўленне да бяспекі, пра любоў да Радзімы, пра сяброўства з МНС. Вядома, кожны ратавальнік павінен ведаць і ўмець аказваць першую дапамогу пацярпеламу. У конкурсе з сімвалічнай назвай «Аказанне першай дапамогі» ўдзельнікі спраўляліся з пераломамі, стратай прытомнасці, прыпынкам сэрца і многім іншым. Падчас правядзення злёту клубаў юных ратавальнікаў-пажарных хлопцы змаглі праявіць сябе не толькі творча, але і паказаць свае веды ў галіне бяспекі жыццядзейнасці. Не абышлося і без спаборніцтва, дзе выразнасць кроку мае найвышэйшае значэнне, бо каманда павінна мець агульнае пачуццё строя і раўнення. Традыцыйна самы захапляльны момант злёту ‒ конкурс «Баявое разгортванне». Тут перад юнымі ратавальнікамі стаяла задача надзець баявую вопратку ратавальніка, пракласці магістральную рукаўную лінію і патушыць умоўны пажар.

Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў лепшай аказалася каманда Удзелаўскай сярэдняй школы, сярэбраныя медалі ў хлопцаў са сярэдняй школы №2 г. Глыбокае імя П.Н.Свірко, а на трэцюю прыступку п'едэстала ўзнялася каманда Карабоўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна

Пераможцы атрымалі граматы, памятныя прызы і запрашэнне на зональны этап. Але галоўнае ‒ не ўзнагароды, а атмасфера. Сяброўства, падтрымка, агульная справа. Тут не было прайграўшых, бо кожны з'ехаў з новымі ведамі, уражаннямі і ўпэўненасцю: бяспека важней за ўсё.

У актавай зале адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў членам Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Для рабят гэта не проста дакумент, а сімвал адказнасці, ведаў і гатоўнасці дапамагаць іншым.

Злёт юных ратавальнікаў – сапраўдная школа жыцця, дзе вучаць быць смелымі, уважлівымі і гатовымі прыйсці на дапамогу. А яшчэ злёт даказвае, што героі растуць сярод нас. Проста пакуль яны ў красоўках і з заплечнікам за плячамі.