Дэпутат Палаты прадстаўнікоў наведаў Глыбоцкі раён: прыём грамадзян, рабочыя сустрэчы і абмеркаванне актуальных пытанняў
25 верасня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Сіўко правёў насычаны працоўны дзень у Глыбоцкім раёне. Яго візіт уключаў асабісты прыём грамадзян, азнаямленне з дзейнасцю ключавых раённых службаў і сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовых прадпрыемстваў.
У ходзе прыёму грамадзян, які праходзіў з удзелам старшыні Глыбоцкага райвыканкама Пятра Белуся, былі агучаны пытанні, якія хвалююць жыхароў горада і раёна. Сярод іх – падключэнне электраацяплення ў жылых дамах у вёсцы Дзяркоўшчына, з'яўленне ліс у межах горада, якія нападаюць на хатнюю птушку, арганізацыя руху прыгарадных аўтобусаў у раёнах вёсак Мнюта і Азёркі, а таксама праца амбулаторыі ў вёсцы Мнюта.
Анатоль Сіўко таксама наведаў Глыбоцкі міжраённы аддзел прымусовага выканання. Начальнік аддзела Лідзія Цырбан прадставіла дэпутату інфармацыю аб бягучай дзейнасці, асноўных напрамках і выніках работы. У межах візіту ўвага была нададзена ўмовам працы супрацоўнікаў і арганізацыі працоўнага працэсу, а таксама пытанням узаемадзеяння аддзела з грамадзянамі і вырашэння праблем у сферы прымусовага выканання.
У Глыбоцкім аддзеле Дэпартамента аховы МУС адбылася сустрэча з асабовым складам. У межах Адзінага дня інфармавання Анатоль Сіўко правёў гутарку аб значэнні мінулага 17 верасня Дня народнага адзінства.
На Глыбоцкім малочнакансервавым камбінаце дэпутат Палаты прадстаўнікоў абмеркаваў з генеральным дырэктарам Валерыем Дулінскім пытанні, якія тычацца экспартных паставак сухога малака і іншай прадукцыі прадпрыемства.
Завяршыўся працоўны дзень Анатоля Сіўко сустрэчай з кіраўніцтвам Глыбоцкага філіяла РУП «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры».
Начальніца аддзела «Рэгістр» Аксана Захарчонак праінфармавала дэпутата аб рабоце нядаўна прынятых Парламентам змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй». Асаблівая ўвага была нададзена новым механізмам узаемадзеяння з натарыусамі і прынцыпу экстэрытарыяльнасці дзяржаўнай рэгістрацыі, якія, па словах Аксаны Захарчонак, паспяхова функцыянуюць з моманту іх увядзення.