Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных!
27 студзеня 2026
МНС запускае новую рэспубліканскую інфармацыйную кампанію «Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных!»
Штогод у Беларусі адбываюцца выпадкі, звязаныя з гібеллю і траўматызмам дзяцей. І часцей за ўсё па адной і той жа прычыне: дарослыя губляюць кантроль. «Усяго на хвілінку» – і дзеці застаюцца адны. Здаецца, што нічога страшнага не здарыцца, але менавіта гэтыя хвіліны часам вырашаюць усё. Многія бацькі думаюць, што дзіця ўжо дастаткова самастойнае, каб пакінуць яго адно. Але дзеці, асабліва дашкольнага ўзросту, толькі вучацца разумець, дзе небяспека. Пры гэтым бацькі практычна не надаюць увагі навучанню дзяцей элементарным правілам бяспекі. Горш таго, часам самі падаваць прыклад небяспечных паводзін.
Каб прыцягнуць увагу бацькоў да праблемы гібелі і траўматызму дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту на пажарах і вадаёмах з 1 студзеня 2026 года ў Рэспубліцы Беларусь стартавала новая інфармацыйная кампанія «Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных!».
Мэта кампаніі – паўплываць на бестурботнае стаўленне бацькоў да пытанняў бяспекі дзяцей, матываваць іх не пакідаць дзяцей без нагляду, арганізаваць карысны вольны час і стымуляваць да стварэння бяспечнага асяроддзя.
Бацькі часта ганарацца, калі іх дзіця паводзіць сябе «па-даросламу»: дапамагае, праяўляе самастойнасць, пісьменна разважае. Яны хочуць бачыць у сваім дзіцяці маленькага дарослага – разумнага і адказнага, які са многімі хатнімі справамі ўжо можа справіцца сам. Але гэта самааман, бо дзеці – не дарослыя. Нават калі ўмеюць уключыць пліту, зарадзіць тэлефон ці прыгатаваць сабе гарбату. Яны ўсё яшчэ дзеці, у якіх няма досведу, ведаў і інстынкта самазахавання, як у дарослага чалавека.
Дзіця можа паўтараць дзеянні дарослых, але не ўсведамляць, да чаго яны прыводзяць. Яно бачыла, як бацькі гатуюць, карыстаюцца электрапрыборамі (уключаюць прас, пліту, чайнік) і хоча «зрабіць як дарослы». Але тое, што для нас звыкла, для дзіцяці – гульня, дзе кожная памылка можа каштаваць жыцця. А калі бацькі сыходзяць, пакідаючы дзяцей адных, часта з упэўненасцю «ён у мяне ўжо дарослы» – менавіта тады і здараюцца бяды.
З 2020 – 2024 гады ў Беларусі на пажарах загінула 38 дзяцей. У гарадах зарэгістравана 14 выпадкаў, а ў сельскай мясцовасці – 24. За 2025 год на пажарах загінула 4 дзіцяці. Не меншую небяспеку для дзяцей нясе вада. З 2020 па 2024 гады ў Беларусі патанула 131 дзіця (у тым ліку 67 – пры непасрэдным купанні на вадаёмах), з іх 12 – праваліліся пад лёд. Толькі за купальны сезон (май-верасень) 2025 года – 8 загінулых дзяцей (у тым ліку 2 – пры непасрэдным купанні на вадаёме). Пры гэтым самая ўразлівая група – дзеці да 7 гадоў.
За кожнай лічбай стаіць чыясьці страта, боль і слёзы. У многіх выпадках трагедыі можна было пазбегнуць – дастаткова проста не пакідаць дзяцей адных і надаваць увагу бяспецы дома. У выніку надзвычайныя сітуацыі і здарэнні з удзелам дзяцей адбываюцца па розных прычынах, але ўмова, якая спрыяла гібелі або траўматызму дзіцяці, заўсёды адна – пакіданне непаўналетніх без нагляду. Тут роля бацькоў першаступенная. Менавіта яны павінны навучыць дзіця правілам бяспекі з ранняга дзяцінства, несці за яго адказнасць і не ствараць небяспечныя сітуацыі, пакідаючы аднаго.
Часта з самага ранняга дзяцінства ад бацькоў можна пачуць фразы: «Ты ў нас ужо зусім дарослы!», «Ты ў мяне ўсё разумееш і ўмееш!», «Ужо можна пакінуць на хвілінку – нічога не здарыцца!»
Але менавіта ў гэтых фразах і хаваецца небяспека, паколькі бацькі пераконваюць сябе, што дзіця ўжо самастойнае і дастаткова дарослае. Аднак мысленне і псіхалогія малога яшчэ толькі фарміруюцца, ён не ўсведамляе небяспекі і не адчувае страху. Дзіця можа «гуляць у дарослага», паўтараючы дзеянні бацькоў, і нават не падазраваць, што некаторыя з іх небяспечныя. Агонь, электрычнасць, вада – усё гэта для дзіцяці не крыніца небяспекі, а элемент цікаўнасці. Ён не ведае, як хутка разгараецца полымя. Не здольны вызначыць, што электрапрыбор працуе няспраўна. Не разумее, што вада можа быць смяротна небяспечнай, нават калі побач бераг.
Такім чынам, сацыяльная рэклама МНС не запалохвае, а наадварот прымушае задумацца нават тых, хто лічыць, што «з маімі дзецьмі такога ніколі не здарыцца». Ні адзін званок, крама ці справа не вартыя таго, каб рызыкаваць самым дарагім. І куды б вы ні спяшаліся, вазьміце дзіця з сабой. Няхай лепш пачакае побач, бо з вамі ён у бяспецы. Беражыце сваіх дзяцей!