Дзіцячая бяспека пачынаецца з дарослай адказнасці

9 чэрвеня 2026

Вакацыі для дзяцей – час не толькі адпачынку, але і самастойнасці. Дома, з сябрамі, у лагеры ці ў бабулі на дачы – летам яны часцей застаюцца без бацькоў. Перш чым даць дзіцяці магчымасць самастойна прымаць рашэнні і адказваць за свае ўчынкі, трэба паклапаціцца пра бяспеку. Навучыць базавым правілам і прагаварыць, як дзейнічаць у нестандартных сітуацыях. На што звярнуць увагу і як сфарміраваць важныя навыкі.

Універсальнай інструкцыі, як абараніць дзяцей ад усіх рызык знешняга свету, не існуе. Але ёсць аснова: тыповыя памылкі, падобныя абставіны, агульныя прычыны – на што і варта абапірацца. Пры гэтым важна ўлічваць узрост дзіцяці. Гаварыць пра бяспеку трэба як з васьмігадовым дзіцем, так і з трынаццацігадовым падлеткам – непрыемныя гісторыі здараюцца з кожным. І чым шырэй бацькі раскрыюць гэту тэму, у тым ліку навучаць аналізаваць, удакладняць і правяраць факты, рабіць высновы, – тым прасцей дзіцяці будзе распазнаць пагрозу і арыентавацца ў непрывычным асяроддзі.
Мабыць, адна з галоўных летніх радасцей і адначасова праблем – адпачынак ля вады. Засцерагчы тут ніколі не будзе лішнім. Дзеці, вядома, павінны плаваць толькі пад наглядам дарослых. І гэта не проста рэкамендацыя, а мера, прынятая на заканадаўчым узроўні. Да 14 гадоў купацца і знаходзіцца паблізу вадаёмаў без суправаджэння дарослых забаронена. Купацца дапушчальна толькі выключна на абсталяваных пляжах.
З пачатку купальнага сезона ў Беларусі патанула адно дзіця. Гэта адбылося на неабсталяваным, не прызначаным для купання месцы. З такімі сітуацыямі ратавальнікі сутыкаюцца часта, і ў летні прамежак часу рызыкі максімальна ўзрастаюць.
Рамкі варта ўсталяваць і для гульняў на прыродзе. Асаблівасці сельскай мясцовасці, мала людзей у аддаленых раёнах і, па сутнасці, адсутнасць кантролю даюць вялікі прастор, як у літаральным сэнсе, так і ў плане фантазіі. Забрацца ў стары хлеў, паблукаць па лесе, зазірнуць у калодзеж, выкупацца – пры пэўных умовах усё гэта можа прывесці да негатыўных наступстваў.
Калі дзеці застаюцца дома адны, задача бацькоў – стварыць для іх бяспечнае асяроддзе і звесці любыя рызыкі да мінімуму. Пры неабходнасці ў дзіцяці павінна быць магчымасць бесперашкодна выйсці на вуліцу. Напрыклад, калі здарыўся пажар. Пакіньце яму ключы або ўсталюйце замок, які будзе адчыняцца знутры без ключа. Абмяркуйце, якімі электрапрыборамі яму можна карыстацца і якія меры засцярогі выконваць. Пастаўце блакатары на вокны. Выключыце ўсе магчымыя крыніцы запальвання і вывучыце з дзіцем алгарытм дзеянняў пры пажары.
У Беларусі павялічылася колькасць пажараў з-за дзіцячай сваволі з агнём. З пачатку года зафіксавана 27 такіх выпадкаў, пацярпелі сем чалавек, з іх чацвёра — дзеці.
Пераважная большасць падобных здарэнняў адбываецца, калі дзеці застаюцца без нагляду дарослых. Адзін з самых рэзанансных выпадкаў адбыўся 21 мая ў Баранавічах.
У 11-павярховым доме на шостым паверсе ўзнік пажар. Суседзі пачулі гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, двое мужчын узламалі дзверы і выратавалі траіх дзяцей. Адна з версій прычыны пажару, якая разглядаецца, — дзіцячая сваволя з агнём.
Асноўнымі прычынамі ўзгаранняў застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, асабліва ў стане алкагольнага ап'янэння, парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і пячнога ацяплення.
Хочацца асобна падкрэсліць эфектыўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. За чатыры месяцы 2026 года дзякуючы ім выратаваны 52 чалавекі, з іх 10 дзяцей. МНС рэкамендуе бацькам усталяваць такія прыборы ў жылых памяшканнях, назваўшы іх самым дзейсным інструментам пасіўнай абароны ад пажару.
Пры пажары тэлефанаваць 101 або 112!