Дзмітрый Хома распавёў, як прайшлі выбары Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці
28 студзеня 2025
3 лютага ЦВК Беларусі правядзе пасяджэнне па ўстанаўленні вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе пратаколаў тэрытарыяльных камісій. Як прайшла выбарчая кампанія на тэрыторыі Віцебскай вобласці, даведалася карэспандэнт «ВВ».
– Яна прайшла ў поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Беларусі, – заявіў на брыфінгу з прадстаўнікамі СМІ старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома. – Мы можам канстатаваць, што за вынікамі мінулых выбараў стаіць велізарны аб'ём працы ўсіх: і органаў мясцовай улады, і членаў тэрытарыяльных, участковых выбарчых камісій. І падчас датэрміновага галасавання, і ў асноўны дзень панавала святочная спакойная атмасфера. І гэта датычылася не толькі галасуючых, але і членаў камісій, якія не адцягваліся на нейкія правакацыі. Былі забяспечаны камфортныя, бяспечныя ўмовы, за што асобныя словы падзякі праваахоўнаму блоку, медыцынскім работнікам, супрацоўнікам МНС.
Грубых парушэнняў правапарадку альбо здзяйснення злачынстваў на тэрыторыі выбарчых участкаў зафіксавана не было, але асобныя выпадкі фатаграфавання бюлетэняў меліся. На тэрыторыі вобласці працавалі 4055 нацыянальных, а таксама больш за 30 міжнародных назіральнікаў ад розных місій. Ад іх заўваг не паступала.