Глыбокае. Бяспека пачынаецца з цішыні
У кожным доме, дзе жывуць і працуюць людзі, найважнейшую ролю адыгрывае цішыня. Але ёсць адзін гук, які павінен прагучаць своечасова: сігнал пажарнага апавяшчальніка. Менавіта ён можа выратаваць жыцці, папярэдзіўшы аб небяспецы да таго, як стане позна. Менавіта таму работнікі МНС рэгулярна праводзяць праверкі працаздольнасці пажарных апавяшчальнікаў у жылых дамах, установах і на прадпрыемствах. Гэта не проста фармальнасць — гэта клопат пра кожнага чалавека.
Падчас праверкі абследавання домаўладанняў прадстаўнікі службы «101» тэсціруюць спрацоўванне апавяшчальнікаў, ацэньваюць правільнасць іх устаноўкі, тлумачаць жыхарам, як дзейнічаць пры спрацоўванні апавяшчальніка, а таксама нагадваюць аб важнасці рэгулярнай замены батарэек. Часам дастаткова адной няспраўнай дэталі, каб сігнал не прагучаў. А значыць, рызыка ўзрастае шматразова.
Ратавальнікі заклікаюць: праверце свой апавяшчальнік. Калі яго няма, то ўсталюйце. Калі ён ёсць, пераканайцеся, што ён працуе. Гэта нескладана, але жыццёва важна.
Гэтыя простыя дзеянні — не фармальнасць, а клопат пра жыццё. Бо, як паказваюць выпадкі, ужо не адзін апавяшчальнік «заслужыў» падзяку за выратаваную сям'ю.
Пажар можа пачацца раптоўна: ад кароткага замыкання, непатушанай цыгарэты ці няспраўнай печы. Асабліва небяспечныя начныя пажары, калі людзі спяць і не адчуваюць паху дыму. Апавяшчальнік — гэта «будзільнік» у крытычны момант. Статыстыка пацвярджае: у дамах, дзе ўстаноўлены і працуюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, рызыка гібелі ад пажару зніжаецца ў разы. Гэта асабліва важна для пажылых людзей, шматдзетных сем'яў і адзінокіх грамадзян.
«Прафілактыка — гэта не праверка, а папярэджанне. І кожны правераны апавяшчальнік — гэта яшчэ адзін крок да бяспечнага дома», - адзначае інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дар'я Зайкоўская.