Глыбокае. Шлях да прафесіі
Глыбоцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях расчыніў свае дзверы для ўсіх жадаючых, але не як месца трывогі і экстранных выклікаў, а як магчымасць зазірнуць у «свет» тых, хто штодня ратуе жыцці і змагаецца з небяспекамі. Усіх аб'яднаў Дзень адкрытых дзвярэй. Моладзі ён даў шанец зазірнуць у гэты свет, зразумець яго каштоўнасці і, магчыма, знайсці сваё прызванне.
У адзін з восеньскіх дзён аддзел па надзвычайных сітуацыях напоўніўся не трывожнымі сігналамі, а дзіцячым смехам, цікаўнымі поглядамі і цікавымі пытаннямі. У школьнікаў атрымалася не проста экскурсія, а сустрэча з тымі, хто штодня сцяной стаіць паміж жыхарамі нашага раёна і бядой.
З першых крокаў па тэрыторыі аддзела госці траплялі ў атмасферу дзеяння: лодкі, квадрацыклы, экіпіроўка ратавальнікаў, бляск спецтэхнікі, упэўненыя галасы ратавальнікаў. У гаражы выстраіліся пажарныя машыны, аварыйна-выратавальная тэхніка. Кожная адзінка як герой з уласнай гісторыяй. Кожны жадаючы змог прымерыць форму ратавальніка і адчуць вагу адказнасці, патушыць умоўны агонь, пазнаёміцца з абсталяваннем і новымі тэрмінамі: ствол, звяно ГДЗС, пажарны рукаў і многае іншае, а самае галоўнае пазнаёміцца з прафесіяй ратавальніка.
«Кожны выезд для нас — гэта крок насустрач небяспецы: агонь, вада, вышыня, хімічныя пагрозы. Гэта патрабуе не толькі фізічнай сілы, але і велізарнай унутранай стойкасці», — распавядае хлопцам начальнік дзяжурнай змены Арцём Лапавухаў.
Работнікі аддзела ахвотна дзяліліся гісторыямі са сваёй практыкі, распавядалі пра будні ратавальніка, паказвалі, як важна быць падрыхтаваным да любых нечаканасцей. Многія госці прызналіся, што яшчэ раз пераканаліся ў тым, наколькі складаная і адказная гэтая прафесія.
У актавай зале аддзела па надзвычайных сітуацыях хлопцам распавялі пра тое, як можна звязаць сваё жыццё з МНС і якія крокі трэба зрабіць, каб стаць часткай гэтай службы ратавання.
«Я заўсёды захапляўся МНС, але цяпер разумею, што гэта не проста форма і тэхніка — гэта лад жыцця», — падзяліўся меркаваннем адзін са старэйшакласнікаў.
Прафесія ратавальніка — гэта не проста выбар кар'еры. Гэта выбар сэрца. Гэта шлях тых, хто гатовы быць побач у самы цяжкі момант. І менавіта таму яна шляхетная.