Глыбокае сустракае герояў: велапрабег памяці і духоўнасці
Глыбоцкі раён стаў часткай грандыёзнай падзеі – маштабнага велапрабегу, прысвечанага 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 900-годдзю Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў велапрабегу звярнулася намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч:
– Ваша імкненне аб'яднаць у адной вандроўцы памяць аб вялікай Перамозе і павагу да шматвяковай духоўнай спадчыны нашай зямлі выклікае глыбокае захапленне. Вы – доказ таго, што маладое пакаленне памятае і ганарыцца сваёй гісторыяй. Гэты велапрабег – сапраўдны ўрок патрыятызму і духоўнасці.
Кіраўнік групы, дырэктар школы алімпійскага рэзерву №2 горада Полацк, Леанід Сіняўскі, расказаў: «Мы паставілі перад сабой задачу – прысвяціць гэты велапрабег двум найважнейшым датам. Гэта наш спосаб сказаць «дзякуй» тым, хто адстаяў нашу Радзіму, і выказаць шанаванне да духоўных вытокаў нашай нацыі».
Удзельнікі велапрабегу, прысвечанага 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 900-годдзю з дня заснавання Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, пазнаёміліся з гісторыяй і культурнай спадчынай раёна, наведалі сквер знакамітых землякоў.
Госці агледзелі ўбранне сабора Раства Прасвятой Багародзіцы, спусціліся ў падвальнае памяшканне, вядомае як пахавальня, дзе захоўваюцца астанкі манахаў.
Завяршылася наведванне храма малебнам, які адслужыў протаіерэй Міхаіл Ізаітко каля галоўнай святыні сабора – абраза Божай Маці «Дастойна ёсць».
Гэты момант стаў сімвалам адзінства і памяці, падкрэсліваючы важнасць духоўных каштоўнасцей у нашым жыцці.