Глубокский район: готовность аграриев к выходу в поля оценил депутат Палаты представителей Анатолий Сивко

Глыбоцкі раён: гатоўнасць аграрыяў да выхаду ў поле ацаніў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Сіўко


Першай кропкай маршруту стаў машынны двор сельгаспрадпрыемства «Мярэцкія». Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Логінаў далажыў, што тэхніка да выхаду ў поле гатовая на 100%, дзяржаўны тэхагляд паспяхова пройдзены. Аграрыі прыступяць да сяўбы ў бліжэйшыя дні.
Старшыня райвыканкама Пётр Белусь, у сваю чаргу, звярнуў увагу на спрыяльныя ўмовы надвор'я, якія ўсталяваліся ў сакавіку. Ён арыентаваў кіраўніка гаспадаркі не губляць часу: «Трэба шукаць сухія ўчасткі і пачынаць ворыва. Сёлета мы плануем пашырыць плошчы пад кукурузу, таму кожны пагодлівы дзень на рахунку».
Анатоль Сіўко пацікавіўся планамі па падкормцы азімых культур. Як паведаміў Аляксандр Логінаў, да ўнясення ўгнаенняў пад рапс прыступяць з дня на дзень – трэба будзе апрацаваць 450 гектараў гэтай важнай культуры.
Наступным пунктам візіту стаў машынны двор сельгаспрадпрыемства «Каралі». Аб становішчы спраў тут расказаў прадстаўнік Глыбоцкага аграпрамысловага аб'яднання, намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» Іван Комзакоў.
Ён далажыў аб забяспечанасці гаспадаркі кадрамі, гатоўнасці тэхнікі і наяўнасці неабходных запчастак. Таксама былі абмеркаваны бягучыя работы па ўнясенні ўгнаенняў і планы па сяўбе траў.
Падводзячы вынікі візіту, Анатоль Сіўко даў станоўчую ацэнку ўбачанаму:
– Сёння мы пераканаліся, што ў гаспадарках Глыбоцкага раёна праведзена сур'ёзная падрыхтоўчая работа. Тэхніка спраўная, людзі гатовыя да працы, ёсць дакладнае разуменне задач на надыходзячы сезон. Цешыць гаспадарскі падыход і нацэленасць на вынік. Важна, што кіраўнікі і спецыялісты на месцах разумеюць значнасць кожнага этапу – ад своечасовай падкормкі азімых да якаснай падрыхтоўкі глебы. Упэўнены, што пры такім адказным падыходзе аграрыі раёна змогуць закласці трывалую аснову для будучага ўраджаю і паспяхова правесці пасяўную кампанію.