Информация ГАИ

Інфармацыя ДАІ

27 студзеня 2026

З 26 па 30 студзеня 2026 года праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў, якія здзяйсняюцца з удзелам і па віне ўразлівых катэгорый удзельнікаў дарожнага руху. 

Наезд на пешаходаў уяўляе сабой адзін з найбольш распаўсюджаных відаў ДТЗ, вынікам якога становіцца сур'ёзная шкода для здароўя ці нават гібель чалавека.

Пешаход — гэта самы масавы ўдзельнік дарожнага руху, які валодае пэўнымі правамі і абавязкамі. Статыстыка аварыйнасці сведчыць аб тым, што прычын наездаў на пешаходаў шмат, але аднымі з галоўных з'яўляюцца невыкананне імі патрабаванняў Правілаў дарожнага руху, залішняя самаўпэўнасць і ігнараванне элементарных мер бяспекі.

Людзі ў зімовы час года аддаюць перавагу насіць немаркую вопратку цёмных тонаў, а ісці — не па абочыне, а па трасе, тым самым падстаўляючы сваё жыццё пад удар аўтамабіля. Бо законы фізікі ніхто не адмяняў, і кіроўца, убачыўшы пешахода за некалькі метраў, не паспявае адрэагаваць і пазбегнуць наезду. Таму выкарыстанне пешаходамі святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак альбо ва ўмовах непагадзі застаецца адным з дзейсных спосабаў засцерагчы сябе на дарозе. Абазначаны пешаход бачны ў блізкім святле фар на адлегласці 140-150 метраў, у далёкім — 300-400 метраў. І ў кіроўцы ёсць час прадухіліць наезд, г.зн. знізіць хуткасць і быць больш уважлівым. Пешаход павінен размясціць флікер у тым месцы, дзе ён будзе добра бачны для кіроўцаў.

Найбольш небяспечныя катэгорыі пешаходаў — дзеці, пажылыя людзі, а таксама людзі ў нецвярозым стане. Калі кіроўца заўважыў каля праезнай часткі якую-небудзь з гэтых катэгорый пешаходаў, неабходна быць гатовым да самага непрадказальнага. Кіроўцу трэба прыцягнуць увагу такога пешахода, паміргаць фарамі, пасігналіць, а можа, нават здзейсніць экстранае тармажэнне. Таксама вельмі важна ўлічваць, што на аўтадарогах, прылеглых да населеных пунктаў, вялікая верагоднасць раптоўнага з'яўлення на праезнай частцы пешых удзельнікаў руху або веласіпедыстаў.

Для таго каб пазбегнуць ДТЗ, пешаходы павінны рухацца па тратуарах, пешаходных або веласіпедных дарожках, а пры іх адсутнасці па абочынах. У месцах, дзе адсутнічаюць вышэйзгаданыя элементы дарогі, пешаходы могуць рухацца па праезнай частцы насустрач патоку транспартных сродкаў, каб бачыць набліжальны аўтамабіль і своечасова саступіць яму дарогу. У такіх выпадках пешаход павінен ісці як мага бліжэй да краю праезнай часткі, каб займаць мінімальную прастору і не перашкаджаць руху транспартных сродкаў.

Перасякаць праезную частку дарогі пешаходы павінны па пешаходных пераходах. У выпадку іх адсутнасці на скрыжаваннях неабходна рухацца па лініі тратуараў і абочын, пераканаўшыся, што выхад на праезную частку дарогі бяспечны. Пры адсутнасці ў межах бачнасці пазначаных пешаходных пераходаў і скрыжаванняў пешаход павінен перайсці праезную частку дарогі на ўчастку, дзе яна добра праглядаецца ў абодва бакі і па найкарацейшай траекторыі.

За парушэнне правілаў пешаход прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу, які складае ад 1 да 3 базавых велічынь. Тыя ж дзеянні, здзейсненыя нецвярозым пешаходам, цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 5 базавых велічынь.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікае грамадзян не заставацца ўбаку і паведамляць па тэлефоне 102 пра факты знаходжання на дарозе нецвярозых пешаходаў або веласіпедыстаў, паводзіны якіх небяспечныя і патрабуюць неадкладных мер па іх выдаленні з праезнай часткі. Магчыма, менавіта ваш званок дапаможа папярэдзіць бяду і пазбегнуць трагедыі.

 

Старшы інспектар ДПС АДАІ МАБ Глыбоцкага РАУС маёр міліцыі Сівіцкі Е.А.