Калі бяспека спалучаецца з паэзіяй: у Глыбоцкім раёне прайшоў незвычайны конкурс
4 мая 2026
Ён важыць усяго некалькі дзясяткаў грамаў, мацуецца на столі за пару хвілін і гадамі маўкліва ахоўвае дом. Яго задача — заўважыць небяспеку раней, чым чалавек адчуе пах дыму. Яму прысвяцілі свае радкі жыхары Глыбоцкага раёна. Хто ж ён? Герой вялікай справы — аўтаномны пажарны апавяшчальнік. У Глыбоцкім раёне прайшоў незвычайны і вельмі цёплы па атмасферы конкурс. Жыхары раёна стваралі ўласныя вершы, прысвечаныя аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку. Здавалася б, тэма тэхнічная, але ўдзельнікі конкурсу даказалі: пра бяспеку можна гаварыць ярка, вобразна і па-сапраўднаму натхняльна.
Удзельнікі прадставілі дзясяткі вершаў — ад кароткіх чатырохрадкоўяў да цэлых міні-паэм. У іх аўтаномны пажарны апавяшчальнік ператвараўся то ў «маленькага вартаўніка», то ў «дамавога ратавальніка», то ў «начнога вартаўніка, што не спіць ні хвіліны». Удзельнікі пісалі пра тое, як важна своечасова пачуць сігнал трывогі, чаму апавяшчальнік павінен быць у кожным доме і як ён дапамагае захаваць жыццё. У пяцёрку прызёраў увайшлі мастацкія работы: Галіны Шыман з в. Замошша, Якубёнак Зінаіды з в. Запруддзе, Апяцянок Анастасіі з Глыбокага, Каляго Пятра з аг. Азерцы і Хрол Марыны з в. Матюкава. Здавалася б, тэма строгая, амаль тэхнічная. Кожны верш — гэта не проста рыфмы, а маленькая гісторыя пра тое, як важна пачуць трывожны сігнал своечасова.Нярэдка мы бачым загалоўкі пра тое, што «АПА выратаваў на пажары…», «На пажары дзякуючы спрацоўцы АПА выратаваны…», «АПА разбудзіў…». Пацвярджэнне таму — рэальныя лічбы і прыклады.
Даведка: у бягучым годзе ўжо выратавана 46 чалавек, 8 — дзеці.
Пажар развіваецца імкліва: усяго некалькі хвілін аддзяляюць невялікае тленне ад адкрытага агню. Асабліва небяспечныя начныя гадзіны, калі людзі спяць і не могуць своечасова адчуць дым. Аўтаномны апавяшчальнік рэагуе на задымленне імгненна і падае гучны гукавы сігнал, які здольны разбудзіць нават моцна спячага чалавека. Ён не патрабуе правадоў, працуе ад батарэйкі і працягвае ахоўваць дом нават пры адключэнні электрычнасці.
Лепшае месца для яго — цэнтр столі, там, дзе паветра рухаецца свабодней за ўсё. І няхай устаноўка здаецца справай сур'ёзнай — насамрэч усё проста. Пара шруб, лёгкі паварот корпуса — і апавяшчальнік ужо на сваім месцы. Пакуль усё спакойна, на яго корпусе мігціць малюсенькі чырвоны агончык — нібы сэрца, што б'ецца ў дзяжурным рытме. Але варта з'явіцца дыму, і ён загаворыць гучна, настойліва, не дазваляючы небяспецы застацца незаўважанай. Яго сігнал — не проста гук, а шанец. Шанец прачнуцца, выйсці, выратаваць сябе і сваіх блізкіх.