Лукашэнка аб развіцці ў Беларусі беспілотных сістэм: для нас гэта вельмі вялікая перспектыва
7 сакавіка 2025
Развіццё ў Беларусі беспілотных авіяцыйных сістэм - гэта вельмі вялікая перспектыва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас наведвання ў Мінску выстаўкі найноўшых расійскіх беспілотнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ад беспілотных сістэм да платформеннай эканомікі. Лукашэнку прадставілі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва з Расіяй.
Галоўная прапанова расійскага боку заключаецца ў стварэнні ў Беларусі завода па вытворчасці беспілотных авіяцыйных сістэм з магутнасцю да 100 тыс. адзінак штогод. Размова ідзе аб выкарыстанні адзінай тэхналагічнай платформы, што забяспечыць эканамічную эфектыўнасць, спрасціць вытворчасць і распрацоўку новых мадэляў.
Па словах Юрыя Казарэнка, выкарыстанне беспілотнікаў у розных сферах дазволіць атрымаць дадатковую прыбаўку да ВУП у памеры некалькіх мільярдаў долараў. "Мы алічбавалі параметры Беларусі, разумеем, колькі трэба дронаў і якое будзе ўздзеянне на ВУП. Мы гаворым, што на першым этапе 2 тыс. агродронаў дасць да $1 млрд у ВУП. Гэта і рост ураджайнасці, эканомія - няма страт, калі мы затаптваем пасевы сельгастэхнікай, эканомія на сродках аховы раслін і многае іншае. І гэта алічфроўка ўсіх палёў. Гэта разумная сельская гаспадарка", - прывёў ён прыклад.
Расія прапануе пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці беспілотнікаў
Аналагічна можна атрымаць фінансавы эфект пры выкарыстанні беспілотных авіяцыйных сістэм у логістыцы, для патрэб маніторынгу ў розных сферах і нават у адукацыйных сферах.
"Велізарная колькасць запытаў ад розных краін. Давайце гэтыя запыты рэалізоўваць разам", - прапанаваў Юрый Казарэнка.
"Гэта мы вывучым прынцыпова, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Для нас гэта вельмі вялікая перспектыва".
На выставе кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі розныя беспілотныя авіяцыйныя сістэмы, якія могуць выконваць цэлы спектр задач, у тым ліку спецыяльных. У ліку экспанатаў быў нават дрон-мастак, з дапамогай якога быў усталяваны сусветны рэкорд - намаляваны мурал, памеры якога складаюць 300 кв.м. Гэта самы вялікі арт-аб'ект, створаны дронам.
Аляксандр Лукашэнка ў пытанні развіцця беспілотных авіяцыйных сістэм прапанаваў сфарміраваць у Беларусі групу спецыялістаў і накіраваць іх у Расію для дадатковай падрыхтоўкі па самых перадавых напрамках. "Каб вы навучылі ўсіх нашых, якія будуць працаваць, і жадаючых", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што ў красавіку - маі плануе прыняць экзамен у беларускіх спецыялістаў, якім даваліся даручэнні па развіцці айчынных беспілотных сістэм. А таму інфармацыя, агучаная расіянамі, як раз дарэчы. "Добра, што вы мне пра гэта сказалі. Я цяпер ведаю, у каго ўзяць спецыялістаў, каб вы дапамаглі мне прыняць у іх экзамен, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У нас робяць і самалёты, і верталёты для сельскай гаспадаркі. Яны паказвалі на выставе. Вось гэта ўсё паглядзім. Таму рыхтуйцеся".
У завяршэнне Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў расійскі бок за прадастаўленую інфармацыю і заявіў аб гатоўнасці супрацоўнічаць у пытанні будаўніцтва завода: "Мы гатовыя на тое, каб пабудаваць завод. Гарантуем: так у Расіі вы не пабудуеце, як тут".
"Дзякуй вам, дзякуй Уладзіміру Уладзіміравічу (Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. - Заўвага. БЕЛТА) за тое, што ён памочніка свайго прыслаў і паказалі гэта ўсё. Нешта мы ўмеем. Але ў мяне такое пачуццё, што мы толькі на першай стадыі знаходзімся. Расіяне вельмі сур'ёзна прасунуліся ў гэтым напрамку", - адзначыў Прэзідэнт.
Восенню ў Расіі пройдзе чэмпіянат па беспілотных сістэмах. Запрасілі і каманду з Беларусі. "Дайце нам праграму, каб мы падрыхтаваліся. Мы падрыхтаваць людзей можам", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Непасрэдна перад аглядам выставы Аляксандру Лукашэнку прадставілі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва з Расіяй. Пра гэта падрабязна расказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі Максім Арэшкін. Напрамкаў шмат, і датычацца яны не толькі беспілотнікаў. Гаворка таксама пра платформенную эканоміку і эканоміку даных, укараненне лічбавых валют, аўтатурызм, развіццё чыгуначных зносін, сферу прамысловых робатаў, паглыбленую падрыхтоўку інжынерных кадраў, цыфравізацыю адукацыі і аховы здароўя.
"Тое, што ты казаў па медыцыне, па ахове здароўя, гэта ўжо фактычна рэалізоўваецца. Можа быць, вас падштурхнула тое, што Расія велізарная. У нас тут кампактна ўсё. Усё, што вы казалі, мы дасягнулі ў межах адной бальніцы, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Сувязь урачоў - цэнтра і абласных цэнтраў, бальніцы - гэта не праблема, у нас гэта ёсць. Але вось гэта ўсё звязаць, як у Маскве зроблена, гэта вельмі важна, і нам гэта трэба рабіць".
belta.by