Молодые специалисты – кадровый ресурс предприятий города Глубокое

Маладыя спецыялісты – кадравы рэсурс прадпрыемстваў горада Глыбокае

Акторная зала Глыбоцкага хлебазавода стала месцам сустрэчы маладых спецыялістаў прадпрыемстваў нашага горада з намеснікамі старшыні райвыканкама Таццянай Тарасевіч і Таццянай Канстанцінавай.
Размова з маладымі работнікамі праходзіла ў цёплай, нязмушанай абстаноўцы. Падчас адкрытага дыялогу абмяркоўваліся розныя пытанні. Гаварылі пра простыя, жыццёвыя рэчы: пра ўмовы працы ў працоўных калектывах, пра перспектывы кар'ернага росту, пра захапленні і арганізацыю вольнага ад працы часу. Жыва абмяркоўваліся пытанні абуладкавання маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы, забеспячэння жыллём, набыцця тавараў беларускай вытворчасці за кошт крэдыту ААТ «Беларусбанк» «На родныя тавары» і інш.
– Інтэнсіўнае развіццё сучаснай вытворчасці патрабуе новых сіл, новых падыходаў, ідэй і рашэнняў. А таму сёння мы гаворым пра тое, што менавіта за маладымі спецыялістамі, маладымі рабочымі – будучыня прадпрыемстваў нашага горада, – адзначыла ў размове Таццяна Канстанцінава.
– На горадаўтваральных прадпрыемствах горада Глыбокае працуюць больш за два дзясяткі маладых спецыялістаў. У кожным калектыве цэняць маладых людзей, адданых абранай прафесіі, працавітых, мэтанакіраваных, па-добраму амбіцыйных. Прыемна адзначыць, што большасць з удзельнікаў нашай сустрэчы – менавіта з гэтай катэгорыі, – сказала Таццяна Тарасевіч і запрасіла моладзь яшчэ больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці горада, смелей прапаноўваць свае крэатыўныя ідэі.
Напрыканцы сустрэчы дырэктар Глыбоцкага хлебазавода Валерый Гіра і тэхнолаг Алена Гусева правялі для гасцей экскурсію ў заводскім музеі «Дарога хлеба».