Не пакідайце ровары без нагляду!

25 чэрвеня 2025

З кожным годам усё больш грамадзян набывае новыя ровары і сродкі індывідуальнай мабільнасці: самакаты, гіраскутары, сігвеі, монаколасы і інш. Разам з тым расце і колькасць крадзяжоў гэтых сродкаў перамяшчэння. Ровар — вельмі каштоўная і часта нядбайна захоўваемая маёмасць. Гэтай нядбайнасцю і халатнасцю карыстаюцца зламыснікі.

Адзіны гарантаваны спосаб зберагчы сваю маёмасць — не пакідаць яе без нагляду. Калі ровар усё ж даводзіцца пакідаць, абавязкова прышпіляйце яго веласіпедным замкам, нават адлучаючыся літаральна на хвіліну. Прышпіляючы да агароджы, парэнчаў або падобнай канструкцыі, пераканайцеся ў яе надзейнасці і ўстойлівасці. Прыкоўвайце за кола і раму, а калі дазваляе даўжыня троса — за абодва колы і раму. Не забывайце забіраць з сабой усё хутказдымнае абсталяванне: велакамп'ютар, асвятленне, помпа, флягу. Калі вы ездзіце на ровары на працу, паспрабуйце пакідаць яго на тэрыторыі прадпрыемства або ўнутры будынка ў якой-небудзь падсобцы.

Захоўвайце дакументы, атрыманыя ў краме пры куплі ровара. Калі дакументаў па нейкіх прычынах няма, абавязкова перапішыце або сфатаграфуйце серыйны нумар рамы (звычайна ён выбіты знізу на карэтачным вузле). Таксама пажадана зрабіць фатаграфію ровара цалкам у профіль. Паспрабуйце запомніць яго асаблівыя прыкметы: не родныя дэталі, устаноўленыя аксэсуары, налепкі, драпіны і іншыя пашкоджанні. У выпадку крадзяжу ўсё гэта значна дапаможа ў пошуку і можа быць вырашальным для доказу вашай уласнасці. Памятайце, што, купляючы ровар без дакументаў, вы рызыкуеце стаць гаспадаром крадзенага «каня».

У выпадку крадзяжу ровара неадкладна паведаміце пра гэта ў Глыбоцкі РАУС кругласутачна па тэлефонах аператыўна-дзяжурнай службы: 8(02156)3-08-59, 8(029) 597-21-74, а таксама па нумары 102. Запомніце або запішыце час крадзяжу. Агледзіце месца здарэння. Пашукайце вакол камеры відэаназірання. Паспрабуйце знайсці сведкаў, запішыце іх нумары. Размясціце інфармацыю аб згубленым ровары ў сацыяльных сетках. Паведаміце аб крадзяжу ўсім сябрам-веласіпедыстам: магчыма, ваш ровар трапіцца ў горадзе на вочы каму-небудзь з іх. Праглядвайце мясцовыя аб'явы аб продажы патрыманых ровараў: ёсць верагоднасць сустрэць там вашага двухколавага сябра. Калі вам удалося адшукаць свой ровар самастойна, не спрабуйце адабраць яго ў новага гаспадара, тым больш з прымяненнем сілы. Неадкладна выклікайце міліцыю: далейшае разбіральніцтва — наша праца.

Што тычыцца асоб, якія маюць намер завалодаць чужой маёмасцю, хачу нагадаць ім артыкул 205 КК Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з ім крадзяж пакараецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Крадзяж, здзейснены паўторна, альбо групай асоб, альбо з пранікненнем у жыллё, пакараецца папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да 4 гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.