Глубокский районный исполнительный комитет

Глубокский районный исполнительный комитет

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю Глыбоцкага раёна, прайшло ў гарадскім доме культуры

26 апреля 2025

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю Глыбоцкага раёна, прайшло ў гарадскім доме культуры

Дзень 25 красавіка стаў святочным для ўсіх жыхароў раёна і шматлікіх гасцей, якія прыехалі падзяліць радасць юбілейнай падзеі.

У ліку іх былі прадстаўнікі органаў абласной і раённай улады, дэпутаты ўсіх узроўняў, выхадцы з Глыбоччыны, якія займаюць высокія кіруючыя пасады на Віцебшчыне і ў рэспубліцы, Ганаровыя грамадзяне Глыбоцкага раёна, былыя кіраўнікі раёна і райсавета дэпутатаў, кіраўнікі райвыканкамаў і раённых Саветаў дэпутатаў суседніх Докшыцкага, Шаркаўшчынскага, Міёрскага, Пастаўскага, Ушацкага раёнаў, ветэраны працы, заслужаныя работнікі Глыбоцкага краю, прадстаўнікі духавенства, працоўных калектываў прадпрыемстваў, грамадскіх аб'яднанняў, моладзь, якая працягвае і ўмацоўвае добрыя традыцыі, закладзеныя іх папярэднікамі, людзьмі старэйшага пакалення, творчая інтэлігенцыя.

Усіх прысутных на свяце вітаў намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Сяргей Кашміла. Вітальныя адрасы перадалі глыбачанам Ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна, былы дэпутат Уладзімір Андрэйчанка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, старшыня Ушацкага райсавета дэпутатаў Наталля Марковіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Докшыцкай выбарчай акрузе №22 Анатоль Сіўко, старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч, жыхары гарадоў-пабрацімаў Глыбокага – Уварава Тамбоўскай вобласці і Паўночна-Байкальскага раёна Расіі. З юбілейнай датай глыбачан віншавалі прадстаўнікі вобласці і суседніх раёнаў.

Віншаванні з 85-годдзем з дня ўтварэння Глыбоцкага раёна гучалі ад былых старшынь Глыбоцкага райвыканкама Віктара Сініцкага, Алега Морхата, былога старшыні Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Калбасіча.

Старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца падзякавала ім за работу на карысць малой радзімы, актыўную жыццёвую пазіцыю, за настаўніцтва і зацікаўленасць справамі раёна, якую гэтыя людзі праяўляюць да сённяшняга дня, уручыла ім падзячныя лiсты, пажадала здароўя, дабрабыту, міру і даўгалецця.

Урачыстым стаў і момант уручэння граматы Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў равесніку раёна, які перажыў вайну, былому старшыні раённага савета ветэранаў, чалавеку, які адпрацаваў на Глыбоччыне больш за шэсцьдзесят гадоў, заслужанаму і творчаму чалавеку Уладзіміру Развадоўскаму.

Ноткі настальгіі ў шматлікіх прысутных выклікаў відэафільм аб тым, як жыў і развіваўся Глыбоцкі раён на працягу 85 гадоў, відэашэраг марафону "Глыбоччына: 85 гадоў гісторыі і дасягненняў", а таксама сустрэчы і душэўныя гутаркі, якія праходзілі перад пачаткам і пасля мерапрыемства ў кулуарах.

У канцы мерапрыемства на сцэну вынеслі палатно, пашытае майстрамі Дома рамёстваў з элементаў дэкаратыўных пано, якія ў рамках марафону "Глыбоччына: 85 гадоў гісторыі і дасягненняў" перадавалі з кожнага сельскага савета.

У дзень юбілею было шмат падарункаў, добрых, цёплых слоў і пажаданняў і, вядома ж, музычныя віншаванні, якія падрыхтавалі работнікі культуры Глыбоччыны.