Ніне Кірылаўне Целеш прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна"
26 красавіка 2025
У сувязі з 85-годдзем Глыбоцкага раёна і 80-годдзем Вялікай Перамогі рашэннем Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Ніне Кірылаўне Целеш, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна".
Целеш Ніна Кірылаўна нарадзілася 3 кастрычніка 1923 года ў в. Літвякі Зацапенскага сельсавета Асвейскага раёна Полацкай вобласці Беларускай ССР.
У красавіку 1942 года пайшла добраахвотніцай на фронт. Служыла сувязісткай 43-га зенітна-пражэкторнага палка пад Сталінградам. Баявы шлях прайшла ад Сталінграда да Берліна.
Мае ўзнагароды – медалі "За абарону Сталінграда", "За адвагу", "За ўзяцце Берліна", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг." і іншыя.
Пасля дэмабілізацыі Целеш Н.К. вярнулася на радзіму.
️Цяпер Ніне Кірылаўне 101 год, і яна аддае перавагу гаварыць пра сучаснасць, з цяжкім сэрцам узгадваючы, як змагалася за Радзіму.