Новы галоўны лекар у Глыбоцкай ЦРБ
8 снежня 2025
На рабочай нарадзе старшыня Глыбоцкага райвыканкама Пётр Белусь прадставіў кіраўніцкаму актыву раёна новага галоўнага ўрача Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы – Васіля Аляксандравіча Зелянкова.
Да пераезду ў Глыбокае Васіль Аляксандравіч паспяхова ўзначальваў Аршанскую цэнтральную паліклініку № 4, а свой прафесійны шлях пачаў менавіта ў Оршы – горадзе, дзе ён нарадзіўся.
Медыцынскую адукацыю атрымаў у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, а ў 2008 годзе паспяхова завяршыў навучанне ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Гады працы ўрачом-тэрапеўтам і на кіруючых пасадах у сістэме аховы здароўя Оршы сфарміравалі з яго досведнага і адказнага спецыяліста.
Пётр Белусь выказаў упэўненасць, што пад кіраўніцтвам Васіля Аляксандравіча медыцынская служба Глыбоччыны працягне развівацца і пажадаў новаму галоўнаму ўрачу моцнага здароўя, падтрымкі калектыву і ўпэўненых крокаў у развіцці аховы здароўя раёна.