Аб накіраванні грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі

21 лютага 2025

На сённяшні дзень праблема алкагалізму з'яўляецца дастаткова значнай і актуальнай для нашай дзяржавы. Надмернае ўжыванне алкаголю вядзе не толькі да дэфармацыі асобы, але і штурхае людзей на здзяйсненне неабдуманых учынкаў, служыць прычынамі і ўмовамі, якія спрыяюць здзяйсненню правапарушэнняў і злачынстваў.

У сілу прававой неасведамленасці грамадзяне не заўсёды ўсведамляюць, якія наступствы можа пацягнуць за сабой складанне адміністрацыйнага пратакола і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння ў стане алкагольнага ап'янення.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх» ад 04.01.2010 №104-З (далей – Закон) лячэбна-працоўны прафілакторый з'яўляецца арганізацыяй, якая ўваходзіць у сістэму органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, створанай для прымусовай ізаляцыі і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы пэўных катэгорый грамадзян. Медыка-сацыяльная рэадаптацыя мае на ўвазе пад сабой меры абмежавальнага характару, накіраваныя на пераадоленне грамадзянамі алкагольнай, наркатычнай або таксічнай залежнасці і на фарміраванне ў іх гатоўнасці да адаптацыі ў грамадстве.

З 26.01.2024 у сілу ўступілі новыя палажэнні Закона, у тым ліку спрошчаны парадак накіравання грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Згодна з Законам, у такія ўстановы могуць накіроўвацца грамадзяне, якія на працягу года два і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення, былі папярэджаны ў адпаведнасці з Законам аб магчымасці накіравання ў ЛПП і на працягу года пасля такога папярэджання здзейснілі адміністрацыйнае правапарушэнне ў стане алкагольнага ап'янення, за што былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, і ў якіх па выніках медыцынскага асведчання выяўлена захворванне хранічным алкагалізмам. Грамадзянін можа быць накіраваны судом у лячэбна-працоўны прафілакторый на тэрмін дванаццаць месяцаў. Грамадзянін, які накіроўваецца ў лячэбна-працоўны прафілакторый у трэці і больш раз, можа быць накіраваны судом у лячэбна-працоўны прафілакторый на тэрмін дваццаць чатыры месяцы.

З удзелам пракурора ў адкрытым судовым пасяджэнні, якое адбылося ў памяшканні Кароўскага сельскага выканаўчага камітэта, судом Глыбоцкага раёна разгледжана грамадзянская справа аб накіраванні асобы ў лячэбна-працоўны прафілакторый (далей па тэксце – ЛПП).

У ходзе разгляду ўстаноўлена, што 33-гадовая мясцовая жыхарка працяглы час злоўжывала спіртнымі напоямі, афіцыйна не была працаўладкавана. У стане алкагольнага ап'янення жанчына ладзіла скандалы з суседзямі, за што на працягу года неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.

Пасля вынясення афіцыйнага папярэджання аб магчымасці накіравання ў ЛПП яна зноў была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя дзеянні. Захворванні, якія перашкаджалі б яе накіраванню ў прафілакторый, адсутнічаюць. Згодна з медыцынскім заключэннем у жанчыны дыягнаставана наяўнасць захворвання хранічным алкагалізмам.

Выслухаўшы зацікаўленых асоб і даследаваўшы матэрыялы грамадзянскай справы, суд з улікам меркавання пракурора вынес рашэнне аб накіраванні жанчыны для прымусовай ізаляцыі і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы ва ўмовах ЛПП на тэрмін 12 месяцаў.

Рашэнне суда ў законную сілу не ўступіла, можа быць абскарджана і апратэставана ў апеляцыйным парадку.



Старшы памочнік пракурора

Глыбоцкага раёна Аляксандра Янкiна