Вызначаны лаўрэаты ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2024»
У Летнім амфітэатры г. Віцебска адбылося ўшанаванне лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны - 2024».
Сярод лаўрэатаў – прадстаўнік Глыбоцкага раёна – Роліч Валерый Станіслававіч, галоўны інжынер КСУП «Глыбоцкая перасоўная механізаваная калона – 48».
На мерапрыемстве прысутнічала дэлегацыя Глыбоцкага раёна на чале з намеснікам старшыні Глыбоцкага райвыканкама Сяргеем Кашміло.
– Сімвалічна, што ўрачыстасць праходзіць напярэдадні Свята працы, – адзначыў, прывітаўшы ўдзельнікаў мерапрыемства, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Бо менавіта праца – аснова дабрабыту і развіцця любога рэгіёна. Мы ўшаноўваем сёння выдатных людзей, чыя праца, талент і прафесіяналізм узбагачаюць Віцебскую вобласць, спрыяюць яе эканамічнаму, сацыяльнаму і культурнаму прагрэсу. Нашы лаўрэаты – гэта гонар Прыдзвінскага краю. Сярод іх – прадстаўнікі самых розных прафесій: урачы, настаўнікі, работнікі сельскай гаспадаркі і прамысловасці, лясной гаспадаркі, будаўніцтва, архітэктуры і ЖКГ, вайскоўцы і ратавальнікі, дзеячы навукі, культуры і спорту, ветэраны працы і моладзь. Кожны з іх уносіць свой унікальны ўклад у агульную скарбонку дасягненняў, дэманструючы высокі прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і шчырую любоў да роднага краю.
Валерый Роліч, лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2024», галоўны інжынер Дзяржаўнага прадпрыемства «Глыбоцкая ПМК – 48» сказаў:
– Тое, што я ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2024» стала для мяне прыемнай нечаканасцю. Сёлета ўпершыню ўшанаванне лаўрэатаў прайшло ў Летнім амфітэатры г. Віцебска напярэдадні свята працы.
Я ганаруся сваёй прафесіяй і ўдзячны раёну і вобласці за высокую ацэнку маёй працы.
Усіх віншую з Першамаем. Жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у працы на карысць нашай любімай краіны.