Рэспубліканская справаздачна-выбарная канферэнцыя Глыбоцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў.
З дакладам аб праведзенай рабоце за перыяд з 1 чэрвеня 2024 года выступіў старшыня Глыбоцкага раённага савета ветэранаў Віталь Шыпко.
Віталь Мікалаевіч праінфармаваў, што на сённяшні дзень у раёне зарэгістравана 25 першасных ветэранскіх арганізацый агульнай колькасцю 4 246 чалавек. І гэта цэлая армія пісьменных, дасведчаных, мэтанакіраваных, адказных людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, з якой можна заваёўваць і спартыўныя вяршыні, і ўзыходзіць на творчы Парнас, і быць арганізаванай сілай, здольнай вырашаць важныя дзяржаўныя задачы.
Віталій Мікалаевіч гаварыў пра тое, як вырашаліся пытанні забеспячэння камфортных умоў жыцця і побыту ветэранаў вайны і працы, пра развіццё культурна-масавай работы і арганізацыю карыснага вольнага часу пажылых людзей. Расказаў пра мерапрыемствы, якія падрыхтаваны і праведзены ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі «Активное долголетие», пра цеснае ўзаемадзеянне з грамадскімі аб'яднаннямі і арганізацыямі раёна, дзяржаўнымі службамі. Пералічыў патрыятычныя, дабрачынныя, культурна-асветніцкія, аздараўленчыя мерапрыемствы і акцыі, накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці, на выхаванне грамадзянскай адказнасці ў падрастаючага пакалення, на здаровы лад жыцця, раскрыццё талентаў і здольнасцей ветэранаў, на ўмацаванне сувязяў паміж пакаленнямі. Акцэнтаваў увагу на рэалізацыі сацыяльных праектаў разам з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, сектарам культуры, раённай арганізацыяй Беларускага Чырвонага Крыжа, раённым камітэтам БРСМ, студыяй паэтычнай творчасці «Сустрэчы для душы» раённай бібліятэкі. Адзначыў, што клопат, увага да людзей, віншаванне іх са знамянальнымі і юбілейнымі датамі – гэта патрэбныя і важныя атрыбуты паўсядзённай работы і жыцця.
Працу раённага савета ветэранаў у выступленнях ацанілі як здавальняючую старшыня рэвізійнай камісіі Генадзь Шульга, старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Антон Ждановіч, старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый філіяла Глыбоцкія электрычныя сеткі Ганна Кубарко, аддзела адукацыі – Зоя Садоўская, работнікаў дзяржустаноў – Ганна Татарына.
Прысутныя аднагалосна падтрымалі абранне Віталя Шыпко старшынёй райсавета ветэранаў на чарговы тэрмін. Яго намеснікам зноў пераабраны Анатоль Пачэпка, адказным сакратаром – Алена Гарюн.
За праведзеную працу былога старшыні райсавета ветэранаў Уладзіміра Развадоўскага і цяперашняга кіраўніка Віталя Шыпко падзякавалі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Целіца.
Вера Міхайлаўна адзначыла, што ветэраны – гэта залаты запас Глыбоччыны, гэта маладыя сэрцы ў спалучэнні з вопытам і жыццёвай мудрасцю, гэта настаўнікі, выдатныя дарадцы, першапраходцы ва ўсіх добрых справах. Вера Міхайлаўна пажадала ўсім здароўя, энергіі і новых цікавых ініцыятыў на карысць грамадзянскай супольнасці.
На канферэнцыі былі абраны дэлегаты ад Глыбоцкай раённай ветэранскай арганізацыі на абласную канферэнцыю. Сярод іх – Віталь Шыпко, Віктар Васюковіч і Алена Гарюн.
Завяршылася канферэнцыя ўзнагароджаннем. Былі адзначаны самыя актыўныя члены ветэранскіх арганізацый раёна: Анатоль Пачэпка, Тамара Калантай, Валянціна Савіцкая, Уладзімір Развадоўскі, Генадзь Шульга, Ганна Кубарко, Зоя Садоўская, Тадэвуш Бельскі, Васіль Кляўчэня, Жанна Юркевіч. Падзячныя лісты раённага савета ветэранаў Віталь Шыпко уручыў загадчыку сектара культуры райвыканкама Таццяне Мацюшонак і загадчыку сектара спорту райвыканкама Таццяне Зяліч.