Памяць пра трагедыю: глыбокаўцы ўшанавалі памяць вязняў яўрэйскага гета
У гэты дзень жыхары горада традыцыйна збіраюцца ў скверы на вуліцы Чкалава, каб ушанаваць памяць ахвяр Халакосту.
Мітынг, які праходзіць у гэты дзень, становіцца сімвалам адзінства і памяці пра трагічныя падзеі мінулага. Удзельнікі мерапрыемства ўскладаюць кветкі да мемарыяла, аддаючы даніну павагі загінулым. Асаблівае значэнне мае выкананне яўрэйскай традыцыі — ускладанне камянёў на месца памяці, што сімвалізуе вечную памяць пра ахвяр.
Такія мерапрыемствы не толькі захоўваюць памяць пра трагічныя падзеі мінулага, але і служаць важным напамінам пра неабходнасць беражлівых адносін да міру і чалавечнасці ў сучаснасці і будучыні.
– 80 гадоў на нашай зямлі мір і спакой. Менавіта перамога над фашызмам мела лёсавызначальнае значэнне для беларускага народа і выкавала лепшыя рысы нацыянальнага характару – патрыятызм, свабодалюбства, веру і аптымізм, якія дапамагалі і дапамагаюць пераадольваць любыя цяжкасці. І якія так неабходныя нам сёння.
Менавіта сёння нам неабходна аб'яднацца, нельга дапусціць памылковых і неабдуманых рашэнняў, сёння важна слухаць, а галоўнае пачуць адзін аднаго.
Сёння ўсе мы нясем адказнасць за будучыню нашай дзяржавы. Нас аб'ядноўвае любоў да Радзімы, вернасць традыцыям і шчырае жаданне зрабіць сваю Радзіму яшчэ мацнейшай і прыгажэйшай, – адзначыла Вера Тэліца, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў, выступаючы на мітынгу, прысвечаным памяці ахвяр Глыбоцкага гета.
– Нам пашанцавала не ведаць тых страшных дзён, напоўненых болем, крывёй і здрадай, якія выпалі на долю яўрэйскага народа.
Мы – пакаленне XXI стагоддзя – нясем асаблівую адказнасць за пабудову свету, заснаванага на ўзаемнай павазе і любові. Будучы спадкаемцамі народа-пераможцы, мы бярэм на сябе адказнасць за лёс роднай Глыбоччыны і ўсёй нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь, – выступіла Яна Раманоўская, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».