Першы крок у дарослае жыццё: маладыя выбаршчыкі на выбарах Прэзідэнта Беларусі
Юнакоў і дзяўчат цёпла вітала старшыня ўчастковай камісіі Людміла Шыпянок. У адрас самых маладых выбаршчыкаў прагучалі найлепшыя пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, выдатнай вучобы і шчаслівай будучыні ў нашай цудоўнай краіне. Затым Людміла Аляксееўна яшчэ раз нагадала тым, хто галасуе ўпершыню, аб парадку галасавання і запрасіла іх непасрэдна выканаць свой грамадзянскі абавязак – атрымаць бюлетэні і прагаласаваць.
Па завяршэнні галасавання юнакоў чакаў прыемны сюрпрыз. Ад участковай камісіі Людміла Аляксееўна падарыла кожнаму спецыяльна выдадзеную да выбараў кнігу «Сімвалы суверэннай Беларусі».
А затым у асобным памяшканні, дзе была аформлена фотазона, маладых выбаршчыкаў запрасілі да ўдзелу ў рэспубліканскай акцыі для тых, хто галасуе ўпершыню «Твой голас ПЕРШЫ!», арганізаванай Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Яна Раманоўская таксама павіншавала юнакоў са значным у іх жыцці днём і разам з валанцёрамі ўручыла ім брэндавыя футболкі з назвай акцыі.
– Прыемныя эмоцыі, як кажуць, зашкальваюць, – дзеліцца ўражаннямі навучэнец трэцяга курса Уладзіслаў Беласлудцаў. – Усе мы ў гэты дзень яшчэ больш пасталелі. Удзельнічаючы ў такой важнай падзеі для ўсёй нашай краіны – выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы сталі больш сур'ёзнымі і адказнымі.
– Я галасую за маю родную Беларусь! – далучаецца да размовы аднакурснік Уладзіслава Данііл Андылеўка. – Бо гэта шчасце для кожнага чалавека жыць у мірнай, спакойнай краіне, дзе цэняць і паважаюць працаўніка.
– У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для вучобы і атрымання прафесіі, – дапаўняе хлопцаў навучэнка трэцяга курса Лізавета Мяцеліца. – Ведаючы, якую ўсебаковую падтрымку аказвае дзяржава моладзі, мы з упэўненасцю глядзім наперад і будуем планы на будучыню.