После капитального ремонта открыли здание пожарной аварийно-спасательной части №1 Глубокского РОЧС

Пасля капітальнага рамонту адкрылі будынак пажарна-аварыйна-выратавальнай часці №1 Глыбоцкага РАНС

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч, Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вадзім Сіняўскі і старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шубскі адкрылі пасля капітальнага рамонту будынак пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

Пасля маштабнай рэканструкцыі расчыніў свае дзверы абноўлены будынак пажарнага дэпо.

– Прыемна бачыць, як аб'екты МНС набываюць другое жыццё. Рад, што служба развіваецца, і мы можам быць упэўнены ў сваёй бяспецы, – адзначыў у сваім прывітальным слове Аляксандр Субоцін, старшыня Віцебскага аблвыканкама.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вадзім Сіняўскі падкрэсліў важнасць умацавання рэгіянальных падраздзяленняў МНС для эфектыўнай працы ўсёй сістэмы.

Ён таксама правёў цырымонію ўзнагароджання, адзначыўшы заслугі лепшых супрацоўнікаў Глыбоцкага РАНС. Начальнік РАНС Васіль Завадскі быў удастоены нагруднага знака МНС «За заслугі» за значны ўклад у развіццё дзейнасці па абароне насельніцтва і тэрыторый Віцебскай вобласці.

Акрамя таго, кіраўнік ведамства перадаў начальніку РАНС сертыфікат на новую пажарную аўтацыстэрну на базе шасі МАЗ-АЦ-08.

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі адзначыў, што абноўленая пажарна-выратавальная часць стане надзейным шчытом бяспекі для дзясяткаў тысяч людзей. На рэканструкцыю было затрачана больш за чатыры з паловай мільёны рублёў, якія, па яго словах, былі ўкладзены ў бяспеку і дабрабыт жыхароў Глыбоччыны.

Сімвалічны ключ ад новага будынка начальнік Глыбоцкага РАНС Васіль Завадскі прыняў ад дырэктара Глыбоцкай ПМК-48 Юрыя Касцюка.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ганаровыя госці азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай абноўленай часці

Асноўны акцэнт пры капітальным рамонце будынка быў накіраваны на паляпшэнне ўмоў службы асабовага складу. У сувязі з гэтым у будынку прадугледжаны памяшканне мыцця, сушкі і захоўвання пажарных рукавоў, памяшканне для мыцця, сушкі і захоўвання баявога адзення ратавальнікаў, трэнажорная зала, пакой прыёму ежы асабовага складу, пакой псіхалагічнай разгрузкі і адпачынку асабовага складу.