Геаграфія

Глыбоцкі раён адзін з найбольш індустрыяльна развітых раёнаў Віцебскай вобласці. Ён утвораны 15 студзеня 1940 года, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Беларусі, на паўднёвым захадзе Віцебскай вобласці. Цэнтр раёна – горад Глыбокае, знаходзіцца за 176 кіламетраў ад сталіцы Рэспублікі Беларусь г. Мінска і за 187 кіламетраў ад абласнога цэнтра – г. Віцебска.

Адміністрацыйна раён падзелены на 13 сельсаветаў, горад Глыбокае і гарадскі пасёлак Падсвілле.

Агульная плошча раёна – каля 176 тысяч гектар. 54 % плошчы раёна займаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі, ворныя землі – каля 28,9 %. Землі дзяржаўнага ляснога фонду складаюць 26%, балоты – 6%, на тэрыторыі раёна працякае 27 рэк і ручаёў, знаходзіцца 106 азёр у т.л. і самае глыбокае возера Беларусі – Доўгае, яго глыбіня 57 метраў.

Паводле даных спецыялістаў «Белкасмасэрагеадэзія», у Глыбоцкім раёне каля возера Шо, знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы.

Іхтыяфаўна азёр – 30 відаў рыб. Флора налічвае звыш 800 відаў раслін. Найбольш распаўсюджаныя віды жывёл: дзік, лось, ліса, куніца, заяц, бабёр і іншыя.