Гісторыя горада Глыбокае
Глыбокае ўпершыню згадваецца пад 1414 г. як зямля, што належала Зяновію Братошычу. Ён атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валодаць бацькоўскімі землямі (сярод іх згадваецца і маёнтак Глыбокае). Наступнае летапіснае згадванне пра Глыбокае адносіцца да 1514 г. У Літоўскай метрыцы адзначаецца, што «старац пана Юрыя Дзісненскага... забіў чалавека пана яго міласці Верхнянца... ідучы з таргоў з маёнтка пана Юрыя з Глыбокага...». Адсюль можна зрабіць выснову, што ўжо ў пачатку 16 ст. мястэчка Глыбокае было буйным гандлёвым цэнтрам.
У той час мястэчка Глыбокае было падзелена на дзве часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, паўночна-усходняя – Корсакам і ўваходзіла ў склад Дзісненскага павета Полацкага ваяводства. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі былі двор і гандлёвая плошча з лаўкамі, якія пазней і забяспечылі рост маладога паселішча – вакол іх пачала фарміравацца праслойка рамеснікаў і мяшчан. Паўночна-усходняя частка Глыбокага таксама мела ў цэнтры гандлёвую плошчу, ад якой пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацк і мястэчка Бярозівка.
У канцы 16 ст. у Глыбокім Крыштафам Зяновічам былі заснаваны кальвінскі збор, бібліятэка і школа. У сярэдзіне 17 ст. была пабудавана царква Святой Тройцы (згарэла ў 1880 г.).
З 1628 г. пачаў дзейнічаць Траецкі касцёл. У 1639 г. ваявода мсціслаўскі і староста дысненскі Юзаф Корсак заснаваў у мястэчку касцёл і кляштар ордэна кармелітаў босых.
У перыяд вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг. Глыбокае займалі маскоўскія войскі. Яны пабудавалі тут невялікую драўляную крэпасць – «востраг», у якім размяшчаўся гарнізон. 6 лістапада 1661 г. каля Глыбокага адбылася буйная бітва: войскі ВКЛ на чале з Чарнецкім разбілі рускую армію пад камандаваннем Хаванскага (больш за 18 тыс. чалавек).
Мястэчка моцна пацярпела ад пажараў у 1661 г. і 1700 г. У 1668 г. паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла ва ўладанне Радзівілаў. Згодна з інвентаром 1702 г., сядзібны комплекс Радзівілаў у Глыбокім уключаў галоўны 1-павярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, склады, стайні, пуні, сажалку, вадзяны млын, іншыя гаспадарчыя пабудовы. У маёнтку налічвалася 263 двары.
У 18 ст. у мястэчку былі 2 гандлёвыя плошчы з таварнымі лаўкамі, і пераважала драўляная 1-павярховая жылая забудова. У 1742 г. пабудавана сінагога, у 1805 годзе – Ільінская капліца на могілках.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Глыбокае ўвайшло ў склад Расійскай імперыі.
Падчас вайны 1812 г. (з ліпеня па снежань) Глыбокае было занята французскімі войскамі. З 18 ліпеня на працягу 6 дзён тут знаходзіўся Напалеон. Былі створаны этапны пункт, буйныя харчовыя склады.
Падчас паўстання 1830 – 1831 гг. каля Глыбокага адбыліся баі паўстанцаў з урадавымі войскамі.
З 1842 г. паўночна-усходняя частка мястэчка знаходзілася ва ўладанні дзяржавы, паўднёва-заходняя заставалася прыватнаўласніцкай; Глыбокае было цэнтрам Глыбоцкай воласці, мела 212 двароў, у якіх пражываў 2161 жыхар (1861 г.). У 1886 г. у Глыбокім дзейнічалі піваварны, вінакурны, цагельны заводы; было некалькі складоў з таварамі і прыватных лавак; у нядзелю збіраліся кірмашы, штогод – 2 кірмашы. Згодна з перапісам 1897 г. у мястэчку пражывала 5564 жыхары. У 1897 г. да Глыбокага была пракладзена чыгунка, адкрыта чыгуначная станцыя Бяразвеч.
У лістападзе 1917 г. у мястэчку былі арганізаваны першыя Саветы. У лютым – снежні 1918 г. Глыбокае акупавана нямецкімі войскамі, а ў жніўні 1919 – ліпені 1920 гг. было занята войскамі Польшчы. 5 ліпеня 1920 г. у наваколлі мястэчка адбыліся баі савецкіх і польскіх армій, у якіх загінула шмат салдат.
У 1921 – 1939 гг. Глыбокае ўваходзіла ў склад Польшчы і стала цэнтрам Дзісненскага павета Віленскага ваяводства, у якім да 1939 г. пражывала 9,7 тыс. жыхароў, дзейнічала канфетная фабрыка, млын, павятовая ўправа, польская гімназія, прыватныя лаўкі, таварныя склады.
З восені 1939 г. Глыбоччына – у складзе БССР. 15 студзеня 1940 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР створаны Глыбоцкі раён (цэнтр – г. Глыбокае) як адміністрацыйная частка Вілейскай вобласці. У яго склад уваходзілі горад Глыбокае, Глыбоцкая і частка Залескай воласці Дзісненскага павета. Тэрыторыя раёна склала 592 кв. км. з насельніцтвам 35099 чалавек (у Глыбокім – 9650).
2 ліпеня 1941 г. Глыбокае было акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі і пераўтворана ў цэнтр акругі рэйхскамісарыята «Остланд». Тут размяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, армейскія склады. Акупанты стварылі ў Глыбокім яўрэйскае гета, якое знішчылі ў 1943 г. У раёне Бяразвечча размяшчаўся лагер ваеннапалонных, яго ахвярамі сталі звыш 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. У горадзе дзейнічала падпольная група, на тэрыторыі раёна – партызанскія атрады. 3 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі горад Глыбокае.
Згодна з новым адміністрацыйным падзелам (з 20 верасня 1944 г.) тэрыторыя Глыбоцкага раёна стала часткай Полацкай вобласці.
У студзені 1954 года праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, згодна з якой Глыбоцкі і Плісскі раёны сталі часткай Маладзечанскай вобласці. З 20 студзеня 1960 г. раён – у складзе Віцебскай вобласці. У снежні 1962 года плошча Глыбоцкага раёна павялічылася за кошт тэрыторыі ліквідаванага Плісскага раёна.
Ужо ў жніўні 1944 года ў Глыбокім аднавіў працу мясакамбінат. У 1948 годзе ўведзены ў эксплуатацыю кансервавы завод. У пачатку 1972 года на прылаўкі савецкіх крам пачала пастаўляцца прадукцыя Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната – згушчонае малако з цукрам. У канцы 1974 года здадзены ў эксплуатацыю камбікормавы завод. У гэтым жа годзе пачаў працу Глыбоцкі хлебазавод.
За ўдарную працу і дасягнутыя поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі раёна 8 працаўнікоў вёскі былі ўдастоены звання Герояў Сацыялістычнай Працы.
Горад захаваў планіроўку са свабодным унутрыквартальным размяшчэннем вуліц, якая склалася ў 17 – 18 ст. Захаваліся будынкі 18 – 19 ст.: больш буйныя архітэктурныя аб'екты – касцёл і кляштар кармелітаў (сучасны Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы), касцёл Святой Тройцы, Ільінская капліца і мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года, корпус Бяразвечскага базыліянскага кляштара, а таксама фрагменты жылой забудовы 19 – пачатку 20 ст.
Больш падрабязныя звесткі можна знайсці на сайце Глыбокскага гісторыка-этнаграфічнага музея: http://www.glubmusej.by/