Рэспубліканская акцыя «Бяспечны Новы год» стартуе 15 снежня
10 снежня 2025
Новы год і Каляды — самыя доўгачаканыя і любімыя святы, якія дораць радасць і аб’ядноўваюць сем’і. Аднак менавіта ў святочныя дні ўзрастае рызыка ўзнікнення надзвычайных сітуацый: дома, на вуліцы і нават у гасцях могуць падсцерагаць нечаканыя небяспекі. Каб дапамагчы жыхарам краіны сустрэць святы спакойна і бяспечна, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праводзіць штогадовую рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Бяспечны Новы год!». Сёлета акцыя пройдзе з 15 снежня па 07 студзеня. У яе межах ратавальнікі правядуць прафілактычныя мерапрыемствы, урокі бяспекі, сустрэчы з дзецьмі і дарослымі, а таксама распаўсюдзяць памяткі і рэкамендацыі па бяспечным выкарыстанні піратэхнікі, электрычных гірлянд і іншых святочных атрыбутаў.
Мэта акцыі — фарміраванне культуры бяспекі ў насельніцтва і папярэджанне надзвычайных сітуацый у перыяд зімовых святаў.
У паўсядзённым жыцці мы часта ўспрымаем правілы як фармальнасць. Але менавіта яны становяцца нябачным шчытом, які абараняе нас і нашых блізкіх ад бяды. Асабліва гэта актуальна ў перыяд зімовых святаў, калі агні гірлянд, свечкі і феерверкі ствараюць атмасферу радасці, але адначасова павялічваюць рызыку надзвычайных сітуацый.