З 11 па 17 лютага ў Глыбоцкім раёне праходзіць спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажару». Галоўная мэта – мінімізаваць рызыкі ўзнікнення пажараў у жылым фондзе і, як следства, гібелі людзей.
Кожны з нас хоча адчуваць сябе ў бяспецы, асабліва дома. Але, на жаль, пажары ўяўляюць сабой рэальную пагрозу, якая можа заспець любога. Менавіта таму работнікі МНС не абмяжоўваюцца тушэннем агню і выратаваннем людзей. Яны актыўна працуюць на апярэджанне, праводзячы спецыяльныя прафілактычныя мерапрыемствы.
Даведка:Па стане на 16 лютага 2026 года, у Глыбоцкім раёне адбылося 8 пажараў. Вогненныя здарэнні прыходзяцца на жылы сектар. Колькасць загінулых ужо ў бягучым годзе склала 3 чалавекі, і ўсе яны сталі ахвярай непатушанай цыгарэты.
Падчас спецыяльнага прафілактычнага мерапрыемства «Дом без пажару» ратавальнікі паставілі на першае месца наведванне домаўладанняў, кватэр адзінокіх і самотна пражываючых пажылых грамадзян, інвалідаў, шматдзетных сем'яў і іншых катэгорый, найбольш схільных да рызыкі ўзнікнення пажараў. Работнікі МНС надалі пільную ўвагу супрацьпажарнаму стану жылля, а таксама расказалі, як зрабіць дом больш бяспечным.
Даведка. У студзені бягучага года ад вогненнай надзвычайнай сітуацыі на пажары загінулі бацька і сын. Пры ліквідацыі пажару ў памяшканні кухні ратавальнікі знайшлі цела маладога мужчыны, а ў суседнім пакоі – цела яго бацькі. Таксама вогненная трагедыя адбылася і ў лютым бягучага года ў аг. Галубічы. На пажары загінуў гаспадар дома.
Пры абследаванні домаўладанняў спецыялісты ацанілі стан печаў і комінаў. Ва ўмовах паніжаных тэмператур паветра асаблівы акцэнт на правілы эксплуатацыі печавага ацяплення: «Топіце печ патроху, некалькі разоў на дзень, каб пазбегнуць перакалу. Не захоўвайце на паверхні печаў гаручыя матэрыялы, а таксама не выкарыстоўвайце для распальвання лёгкаўзгаральныя вадкасці», – рэкамендавалі ратавальнікі.
Работнікі МНС выяўлялі домаўладанні з патэнцыйна небяспечнымі ўмовамі пражывання. Таксама нагадалі аб небяспецы неасцярожнага абыходжання з агнём, аб недапушчэнні курэння ў жылых памяшканнях, акцэнтавалі ўвагу на недапушчальнасці пакідання малалетніх дзяцей без нагляду.
Прадстаўнікі ратавальнага ведамства акцэнт рабілі на ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у жылых пакоях. Ратавальнікі тлумачылі, чаму кампактны прыбор па цане пары кубкаў кавы, штогод ратуе сотні жыццяў.
Дастукацца да кожнага і патлумачыць важнасць захавання правілаў пажарнай бяспекі – асноватворныя задачы прафілактычнага мерапрыемства.