Туры Глыбоччыны

Изображение

«Архітэктурныя помнікі Беларускага Паазер’я»(Глыбокае – Удзела – Мосар, 36 км) – аўтобусны або аўтамабільны тур з наведваннем касцёла Раства Найсвяцейшай Багародзіцы (ХVII ст.), касцёла Святой Тройцы (ХVIII ст.) у г. Глыбокае, касцёла Непрарочанага Зачацця ў в. Удзела пры кляштары францысканцаў (ХVIII ст.) і касцёла Святой Ганны ў в. Мосар (ХVIII ст.), якія з’яўляюцца жамчужынамі архітэктуры Глыбоцкага раёна.

«Гонар Глыбоччыны: архітэктурныя помнікі і знакамітыя людзі»(Глыбокае – Акунёва – Пліса – Падсвілле – Задарожжа – Зябкі – Празарокі, 70 км) – аўтобусны тур з наведваннем архітэктурных помнікаў Глыбоччыны і мясцін раёна, звязаных з жыццём і дзейнасцю авіяканструктара П.Сухога, мастака Я.Драздовіча, заснавальніка беларускага тэатра І.Буйніцкага, палітыка В.Ластоўскага, паэта А.Дубровіча, пісьменнікаў А.Грына і Т.Даленга-Мастовіча.

«Глыбокае – яўрэйскае мястэчка»– аўтобусна-пешаходны маршрут (7 км) па мясцінах горада Глыбокае, звязаных з гістарычным мінулым яўрэяў Глыбоччыны. Прадставіцца магчымасць прайсці «дарогамі юнацтва» Эліэзера Бен-Іегуды – ад месца, дзе размяшчаўся сінагогальны комплекс, па старых вуліцах з яўрэйскай забудовай – да грамадзянскіх яўрэйскіх могілак. Наведаць мясціны памяці ахвяр Глыбоцкага гета ва ўрочышчы Борак. Азнаёміцца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі з гісторыяй яўрэяў горада Глыбокае.


«Дарогамі катастрофы і гераізму»(Глыбокае – Пліса – Празарокі, 45 км) – аўтобусны або аўтамабільны тур па мясцінах, звязаных з памяццю пра Халакост і яўрэйскае супраціўленне ў гады Другой сусветнай вайны (яўрэйскае гета ў Глыбокім; урочышча Борак – мясціны масавага расстрэлу яўрэяў Глыбоцкага гета; помнікі Халакосту ў в. Пліса і в. Празарокі). Працягнуць маршрут можна ў Докшыцкім і Ушацкім раёнах.

«Свяшчэнная памяць» – аўтобусна-пешаходны маршрут па горадзе Глыбокае (9 км), прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Прадугледжана наведванне парку Перамогі (помнік загінулым у баях за вызваленне горада), мемарыяльнага комплексу «Барок» (прысвечаны памяці загінулых у канцлагеры савецкіх ваеннапалонных), мемарыяла ахвярам Халакосту і яўрэйскага гета, музея авіяканструктара П. Сухога і сквера Знакамітых землякоў.

«Ваюем да Перамогі!» – інтэрактыўны велаквест (Глыбокае-Арэхаўна-Гваздава-Кішы-р.Шоша-Ліпава-ур.«Каменны Воз» - партызанскі аэрадром, 110 км). Падчас велаквеста можна самастойна адшукаць траншэі партызанскіх умацаванняў, знайсці ў лесе партызанскі аэрадром, вывучыць былую польскую стражніцу «Каменны Воз».


«Край блакітных азёр у цэнтры Еўропы» (Зябкі-Доўгае-Надазер'е-Івесь, 25 км) – веласіпедны маршрут па знакавых азёрах Глыбоччыны: аз.Доўгае (самы глыбокі ў Беларусі); аз.Шо (са старажытным некропалем на дне); аз.Гінькава (з адзінай у Беларусі карставай пячорай); аз.Івесь з паркам Еўропы.

«Па рацэ Шошы»(аз.Доўгае-р.Должанка-аз.Шо-р.Шоша-аз.Пліса, 37 км) – адзін з лепшых водных маршрутаў Беларусі па рацэ Шошы, які злучае два найпрыгажэйшыя азёры: Доўгае і Пліса.

«У Цэнтр Еўропы – за сілай Космасу і мудрасцю продкаў» (Івесь-Хролы-Шо-Завулак Рускі, 10 км) – пешаходны маршрут для дзяцей і дарослых, з магчымасцю наведаць парк Еўропы ў в.Івесь; пабываць на казінай ферме аграсядзібы «Краіна мар»; прайсці «сцежкай казак» на аграсядзібе «Запаведны востраў», а таксама адправіцца ў падарожжа на плыце да неабжытага вострава, дзе можна загадаць запаветнае жаданне – і яно абавязкова збудзецца!

«Партызанскімі сцежкамі»(Скрабатуны-Івесь-Астраво-Ліпава-аз.Белае-Бычкі-Скрабатуны, 45 км) – конны турыстычны маршрут. Коней і суправаджальніка прадастаўляе аграсядзіба «Конны фальварак». Для пачаткоўцаў праводзіцца навучанне стартавым навыкам верхавой язды. Маршрут праходзіць па рэальных месцах дыслакацыі партызанскіх злучэнняў (брыгады імя С.М. Кароткіна і А.В. Суворава) праз векавыя лясы Галубіцкай пушчы.


«Вішнёвы фестываль» – самае «смачнае» свята ў горадзе Глыбокае, які нездарма называюць «Вішнёвай сталіцай Беларусі». Гэты міжнародны фестываль праходзіць у канцы ліпеня. Галоўная гераіня фестывалю – Вішнёвая каралева, якая запрашае ўсіх прыняць удзел у урачыстым шэсці з Вішнёвай каралевай, навуковай канферэнцыі садаводаў, конкурсе баяністаў, этнадыскатэцы, у абрадзе «Вішнёвая вяселле», вішнёвым селфі-квесте, пастраляць вішнёвымі костачкамі, убачыць забег вішнёвых смаўжоў і многае іншае.

«Дударскі рэй» – міжнародны фестываль дударскіх рэгіёнаў Беларусі і краін Заходняй Еўропы, які праходзіць у Глыбоцкім раёне ў пачатку мая адзін раз у два гады. У гэтыя дні на вуліцах горада можна пачуць гукі дуды, а таксама ўбачыць маляўнічае шэсце ўдзельнікаў фестывалю ў нацыянальных касцюмах. Чароўныя гукі дуды не пакінуць нікога абыякавым і пазнаёмяць з фальклорам розных народаў.

«Свята кветак» – яркая кветкавая феерыя, якая знамянуе сабой правады лета. Праходзіць у апошнія выхадныя жніўня ў горадзе Глыбокае. Крэатыўныя кампазіцыі з кветак выстаўляюцца ўсімі ўдзельнікамі на цэнтральнай плошчы горада, дзе знойдзецца месца для любога фармату – ад жартаўлівай інсталяцыі да макета саду. Працуе кірмаш, на якім можна купіць насенне і саджанцы пладовых дрэў, кустоў і кветак.

«Купальскі вянок» – спалучае ў сабе комплекс яркіх і змястоўных мерапрыемстваў з элементамі нацыянальнай культуры і рэлігійных традыцый.

23-24 чэрвеня ў культурна-дэндралагічным комплексе ў в. Масар праходзіць каталіцкае свята Святога Яна. Яно пачынаецца з вячэрняй службы ў касцёле, асвячэння капліцы з Благадатным агнём ад Труны Гасподняй. У гэты вечар дзяўчаты пускаюць вянкі на ваду, шукаюць «папараць-кветку», водзяць карагоды, да раніцы гучаць купальскія песні.

6-7 ліпеня свята «Купалле» праводзіцца на крыніцы Іаана Прадцечы (Чарневіцкая крыніца), якая б'е з-пад зямлі ўжо больш за 100 гадоў! Вада гэтая лічыцца гаючай і святой! На свята Іаана Прадцечы ад Чарневіцкага храма велікамучаніцы Параскевы Пятніцы да крыніцы здзяйсняецца хросны ход. На месцы праводзіцца урачыстая служба, асвячаецца вада, кожны жадаючы можа акунуцца ў купель. Увечары з песнямі і карагодамі, запальваннем вогнішча праходзяць купальскія гулянні.

6-7 ліпеня на аграсядзібе «Запаведны востраў» праводзіцца фальклорнае свята «Купалле» ў старадаўніх народных традыцыях – з карагодамі ля купальскага вогнішча, зборам лекавых траў, пошукамі скарбаў, варажбой на вянках, дэгустацыяй чароўнай «купальскай кашы».


«Велесаў шлях»(Івесь-Хролы-Скрабатуны-Бабруйшчына-Моргі, 35 км) – аўтобусны маршрут па аграэкасядзібах з актыўнай праграмай. На сядзібе «Запаведны востраў» можна прайсці «сцежкай казак», наведаць міні-заапарк, пракаціцца на плыце да неабжытага вострава. Козіная ферма «Краіна мар» парадуе дэгустацыяй козіных сыроў і майстар-класам па іх прыгатаванні. У конегадоўчай гаспадарцы «Конны фальварак» можна паглядзець на коней беларускай у ​​прываднай пароды, навучыцца ездзіць верхам, кіраваць конем у фурманцы. У сядзібе «Цэнтр Еўропы» прапануюць стравы старадаўняй беларускай кухні, а ў сядзібе «Мядзведжы кут» навучаць танцаваць «танец паляўнічай удачы» і прапануюць стравы з дзічыны. У агратурыстычным комплексе «Утрына» можна прайсціся па «сцежцы індзейцаў» і праехаць на сабачай запрэжцы. Нудзіцца дакладна не давядзецца!


«У госці да вертлявай камышоўкі» (Глыбокае-Дзяркоўшчына, 15 км) – аўтобусна-пешы маршрут з наведваннем рэспубліканскага гідралагічнага заказніка «Возера Сервеч» і месцаў пражывання самай рэдкай спеўнай птушкі ў Еўропе – камышоўкі. Тут таксама можна пазнаёміцца з рэдкімі прыроднымі ландшафтамі нізіннага балота і яго ўнікальным раслінным і жывёльным светам.