У Бярозвечскім Свята-Міхайлаўскім жаночым манастыры прайшлі ўрачыстасці ў гонар Казанскай іконы Божай Маці
У Бярозвечскім Свята-Міхайлаўскім жаночым манастыры адбыліся ўрачыстасці ў гонар адной з найвялікшых святынь Праваслаўя – Казанскай іконы Божай Маці. Храм у гонар Архістратыга Божага Міхаіла сёння стаў цэнтрам прыцягнення многіх глубчанаў.
Боскую літургію тут узначаліў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.
Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел кіраўнікі органаў раённай улады. Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Пётр Белусь і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Целіца яшчэ да прыезду кіруючага архіерэя цёпла павіншавалі са святам настаяцельніцу Бярозвечскай абіцелі ігуменню Міхаілу, а затым разам з насельніцамі манастыра і прыхаджанамі храма сустракалі з хлебам-соллю і букетамі кветак кіраўніка Полацкай епархіі.
Пётр Казіміравіч Белусь шчыра прывітаў уладыку Ігнація на глыбоцкай зямлі, павіншаваў са святам і з асаблівай пашанай падзякаваў Яго Праасвяшчэнству за духоўнае акармленне жыхароў нашага краю, за ўзнясенне малітваў да Госпада Бога з просьбамі аб узнагароджанні сіламі і здароўем жыхароў Глыбоччыны і ўсёй Беларусі, умацаванні іх духоўнага адзінства і памнажэнні прац на карысць працвітання нашай дзяржавы.
А затым была адслужана святочная Боская літургія. З пачуццём вялікай радасці, з натхненнем маліліся ўдзельнікі ўрачыстасці, узносячы падзяку Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы, заступніцы і апекунцы роду хрысціянскага.