У Глыбокім адсвяткавалі Дзень народнага адзінства
Патрыятычная акцыя «Калі мы разам», прысвечаная Дню народнага адзінства, сабрала на плошчы 17 верасня ў Глыбокім кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, членаў працоўных калектываў раёна, моладзь.
Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Пётр Белусь павіншаваў удзельнікаў патрыятычнай акцыі з Днём народнага адзінства:
– Дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства прысвечанае ўз’яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе. Прайшло больш васьмі дзесяцігоддзяў, але памяць аб гэтай падзеі жыве ў сэрцах беларусаў, таму што яно стала актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа.
Няхай гэтае свята стане яшчэ адным напамінам аб тым, як важна захоўваць мір і згоду ў нашым агульным доме – Рэспубліцы Беларусь. Няхай кожны дзень прыносіць нам новыя дасягненні, а адзінства нашага народа становіцца яшчэ мацнейшым.
Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой!
Няхай квітнее Глыбоцкі раён, няхай мацнее адзінства нашага народа! – сказаў кіраўнік раёна.
Марына Сулімава, настаўніца гісторыі Празароцкай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя І.Т.Буйніцкага, для ўдзельнікаў патрыятычнай акцыі правяла экскурс у гісторыю аб уз’яднанні Глыбоцкага раёна з тэрыторыяй БССР.
З прывітальным словам да прысутных ад імя грамадзянскай супольнасці звярнуўся Антон Ждановіч, старшыня Глыбоцкага раённага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане.
Пасля ўрачыстай часткі ўдзельнікі акцыі прайшлі шэсцем да Глыбоцкага гарадскога дома культуры, дзе адбыўся святочны канцэрт «Мы разам! Мы адзіныя!». Канцэрт стаў яркім завяршэннем маштабнай патрыятычнай акцыі, якая прайшла ў горадзе. На канцэрце сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзевых аб'яднанняў і мясцовай улады. Выступленні артыстаў сталі сімвалам згуртаванасці народа і яго імкнення да мірнага развіцця краіны.
Канцэрт «Мы разам! Мы адзіныя!» стаў важнай падзеяй у культурным жыцці раёна, падкрэсліўшы значнасць Дня народнага адзінства як свята, што аб'ядноўвае ўсіх жыхароў краіны вакол агульных каштоўнасцей і ідэалаў.