У Глыбокім прайшоў выязны семінар для адказных за арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах арганізацый
Семінар пачаўся з актуальнай тэмы – «Удзел у выбарах – права і грамадзянскі абавязак кожнага». Спікерам выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Сіўко.
– 26 студзеня 2025 года пройдуць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта знакавая веха ў развіцці любой краіны, выпрабаванне на трываласць палітычнай сістэмы дзяржавы. Бо менавіта прэзідэнцкія выбары вызначаюць будучыню. І якой яна будзе, залежыць ад кожнага з нас. Таму прыняць удзел у галасаванні – абавязак кожнага, каму неабыякавая Беларусь, – падкрэсліў Анатоль Віктаравіч.
Таксама на выязным семінары гаварылі аб арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўным калектыве і аб ролі дзяржаўнай і палітычнай сімволікі ў ідэалагічнай рабоце.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Анатоль Гуцуляк выступіў перад удзельнікамі семінара на тэму «Інфармацыйная гігіена».
– Фэйк, – элемент маніпуляцыі, і лічбавай гігіенай мы змагаемся за тое, каб заставацца тымі, хто мы ёсць. Таму важна крытычна ставіцца да любой атрыманай інфармацыі і карыстацца праверанымі крыніцамі, у тым ліку дзяржаўнымі СМІ, за якімі стаяць канкрэтныя аўтары і рэдакцыі, што адказваюць за апублікаваныя даныя, – адзначыў Анатоль Мікалаевіч.
Удзельнікі семінара азнаёміліся з арганізацыяй ідэалагічнай работы на малочнакансерваваным камбінаце і наведалі вытворчасць.
– Лічу, што гэты семінар быў важнай і карыснай падзеяй для ўсіх нас, – сказала Людміла Карніловіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама. – Тэмы, якія мы абмеркавалі, датычацца актуальных пытанняў нашай работы, асабліва ў перыяд выбарчай кампаніі. Хачу адзначыць выступленне Анатоля Гуцуляка па пытаннях інфармацыйнай гігіены. У наш час, калі інтэрнэт становіцца асноўнай крыніцай інфармацыі для людзей, неабходна разумець, як правільна выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы і пазбягаць рызык, звязаных з дэзінфармацыяй і маніпуляцыямі. Мы ўсе павінны ўсведамляць сваю адказнасць у гэтым пытанні.
Людміла Карніловіч выказала падзяку кіраўніцтву малочнакансервавага камбіната за прадастаўленую магчымасць правядзення семінара на прадпрыемстве, а таксама за прэзентацыю вопыту арганізацыі ідэалагічнай работы ў калектыве.