У Глыбокім прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь
Святочны канцэрт «З святам мужнасці, славы і сілы!», прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, прайшоў сёння ў гарадскім Доме культуры.
Ганаровымі гасцямі і ўдзельнікамі мерапрыемства былі старшыня Глыбоцкага райвыканкама Пётр Белусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Тэліца, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч, ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Краснодубскі, кіраўнікі аддзелаў, упраўленняў і службаў райвыканкама, кіраўнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, сілавых ведамстваў раёна, ветэраны працы і вайны ў Афганістане, вайскоўцы воінскай часці 5524 і ваенна-патрыятычнага клуба «Поўнач», які ў гэтым годзе адзначае сваё трохгоддзе з дня ўтварэння, творчая інтэлігенцыя Глыбоччыны, маці вайскоўцаў, глыбачане.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Глыбоцкага райвыканкама Пётр Белусь:
– Паважаныя воіны-абаронцы, ветэраны ваеннай службы, працаўнікі тылу, паважаныя жыхары Глыбоцкага раёна! Ад імя Глыбоцкага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і ад сябе асабіста віншую вас з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь! Гэта свята – не проста дата ў календары. Гэта даніна глыбокай павагі ўсім, хто ў розныя эпохі стаяў і стаіць на варце нашай незалежнасці, хто беражэ мір і спакой роднай зямлі. Патрыятызм – гэта тое, што аб’ядноўвае нас усіх. Ён жыве ў памяці пра гераічнае мінулае, у вернасці традыцыям, у гатоўнасці ў любы момант узняцца на абарону сваёй сям’і, свайго краю, сваёй краіны. І сёння мы з гонарам бачым: маладое пакаленне годна працягвае справу сваіх дзядоў і бацькоў. Маладыя афіцэры, салдаты тэрміновай службы, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў – усе яны з’яўляюцца надзейнай апорай беларускага войска і гарантам бяспекі нашай дзяржавы.
Асабліва хачу адзначыць, што сіла нашага народа – у адзінстве. Ва ўсе часы побач з мужчынамі мужна абаранялі Радзіму і жанчыны. Яны былі медсёстрамі на палях бітваў, партызанкамі ў лясах, працаўніцамі ў тыле, забяспечваючы фронт усім неабходным. Іх стойкасць, самаадданасць і мудрасць не раз станавіліся вырашальным фактарам перамогі.
Сімвалічна, што 2026 год абвешчаны кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнка Годам беларускай жанчыны. Гэта прызнанне неацэннага ўкладу жанчын у развіццё нашай краіны – як у мірны час, так і ў гады суровых выпрабаванняў. Гэты год – яшчэ адно напамін пра тое, што гераізм не мае полу. Мужнасць, вернасць абавязку і любоў да Радзімы заўсёды былі і застаюцца якасцямі, уласцівымі ўсім беларусам – і мужчынам, і жанчынам.
Сёння мы ўшаноўваем ветэранаў, якія падарылі нам мірнае неба над галавой, ваеннаслужачых, якія нясуць службу ва Узброеных Сілах і памежных войсках, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія забяспечваюць правапарадак, працаўнікоў абаронна-прамысловага комплексу, педагогаў і настаўнікаў, якія выхоўваюць у моладзі пачуццё патрыятызму.
Паважаныя ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства! Няхай у нашых сэрцах заўсёды жыве гонар за Беларусь – краіну, якую мы любім і якую гатовыя абараняць. Няхай мацуе адзінства нашага народа, а традыцыі гераізму і самаадданасці перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні і новых дасягненняў у імя працвітання нашай любімай Беларусі! З святам! З Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь!
Затым Пётр Казіміравіч уручыў Падзякі старшыні Глыбоцкага райвыканкама за добрасумленную працу, прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў прапаршчыку міліцыі Анастасіі Валюшкінай, загадчыку сектара Глыбоцкага міжраённага аддзела прымусовага выканання Анастасіі Козел, начальніку штаба Глыбоцкага аддзела ўнутраных спраў Ганне Раманоўскай, псіхолагу 2-га асобнага стралковага батальёна в/ч 5524 Вользе Буртыль, начальніку аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні ВК-13 Наталлі Салодкой, старшаму інспектару ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Глыбоцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аксане Глінскай.
У гонар трохгоддзя ўтварэння ваенна-патрыятычнага клуба «Поўнач» намеснік камандзіра в/ч 5524 па ідэалагічнай рабоце Раман Паляшчук узнагародзіў самых актыўных, спартыўных, фізічна падрыхтаваных, творчых навучэнцаў.
Нагрудным знакам быў узнагароджаны Арцём Скараходаў, граматамі камандзіра в/ч 5524 – Данііл Кароль, Кацярына Шаўчонак, Арына Плешчаўская, Анастасія Шынкевіч, Данііл Стручкоў.
Раман Палішчук уручыў каштоўныя падарункі Галоўнага ўпраўлення камандзіра ўнутраных войскаў Глебу Бацеку, Даніілу Лаўрыновічу, Арцёму Скараходаву, Андрэю Фамінскаму. А сертыфікаты дабрачыннага фонду «Маладая гвардыя» – Арыне Плешчаўскай, Фёдару Гольдэрбайну, Аляксандры Рудак і Эвеліне Сасноўскай.
Паказальную праграму на свяце прадставіла аддзяленне ўзвода ганаровай варты Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі пад кіраўніцтвам Івана Абрамчыка.
Музычныя віншаванні да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь дарылі прысутным творчыя калектывы Глыбоччыны: дуэты, трыа, квартэты, салісты, танцавальныя і вакальныя гурты.