У Глыбокім правялі акцыю ў рамках адзінага дня азелянення
У Глыбокім, на вуліцы Паўночнай, прайшло маштабнае азеляненне. Удзельнікі акцыі высадзілі 85 маладых клёнаў і рабін – па колькасці гадоў, якія сёлета адзначае Глыбоцкі раён. Гэтая акцыя прайшла ў рамках рэспубліканскай ініцыятывы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, накіраванай на паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі і стварэнне камфортнага асяроддзя для жыцця.
У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, дэпутаты раённага Савета, а таксама неабыякавыя жыхары.
Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Пётр Белусь падкрэсліў важнасць падобных мерапрыемстваў для павышэння ўзроўню азелянення краіны і ўключэння ў абарот зямель, якія патрабуюць аднаўлення. Ён выказаў надзею, што кожны пасаджаны саджанец стане сімвалам клопату аб будучыні і прынясе карысць многім пакаленням.
Сярод актыўных удзельнікаў быў і мясцовы жыхар Вадзім Раманчук разам з сынам Ягорам. Убачыўшы, што адбываецца з акна, Вадзім не змог застацца ўбаку. Ён падзяліўся, што лічыць сваім абавязкам удзельнічаць у такіх ініцыятывах, бо азеляненне – гэта ўклад у здароўе і дабрабыт усіх нас. Прыцягваючы сына, ён імкнецца прышчапіць яму любоў да прыроды і адказнасць за навакольны свет.
Пётр Белусь выказаў падзяку Вадзіму Раманчуку за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю і асабісты прыклад.