У Глыбоцкім гарадскім доме культуры прайшла акцыя «Гатовыя Радзіме служыць!»
Усіх сабраных у зале гарадскога Дома культуры цёпла прывітала намеснік старшыні Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Таццяна Тарасевіч.
– Прэстыж ваеннай службы расце з кожным годам. І пра гэта можна меркаваць па сённяшнім нашым мерапрыемстве, па выдатнай выставе, прадстаўленай ваеннымі навучальнымі ўстановамі. Радуе адзначыць, што выпускнікі школ раёна штогод паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія вядуць падрыхтоўку спецыялістаў для Узброеных Сіл краіны, – адзначыла Таццяна Леанідаўна.
Пра ўмовы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны для атрымання ваенных спецыяльнасцей, пра тое, што служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь дае маладым людзям шырокія магчымасці для самарэалізацыі, годны ўзровень жыцця і высокі сацыяльны статус, гаварыў у сваім выступленні першы намеснік начальніка ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі палкоўнік Ігар Белякала.
У ходзе мерапрыемства працавала выстава, на якой былі прадстаўлены ўзоры зброі і розных прыбораў. Праводзіліся гутаркі і кансультаванне па пытаннях паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы і праходжання службы ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь.
У прафарыентацыйным мерапрыемстве актыўны ўдзел таксама прымалі ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Краснадубскі, начальнік аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Гаўрылава, выкладчыкі Ваенна-медыцынскага інстытута Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, ваенных факультэтаў БДУ і іншых ВНУ сталіцы.