У Глыбоцкім раёне працягваюцца прафілактычныя мерапрыемствы
У рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам» работнікі Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з суб'ектамі прафілактыкі правялі сельскі сход у в.Станулі Глыбоцкага раёна, на якім разглядаліся пытанні бяспекі жыццядзейнасці.
Раніцу жыхароў в.Станулі Глыбоцкага раёна аб'яднаў сельскі сход, у якім прыняў удзел начальнік Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіль Завадскі, прадстаўнікі унітарнага прадпрыемства «Глыбокаегаз», Глыбоцкага міжраённага аддзялення філіяла Дзяржэнергагазнагляду па Віцебскай вобласці, Азярэцкага сельскага выканаўчага камітэта, а таксама жыхары вёскі.
Выбар упаў не выпадкова. Бо ў лютым у в.Станулі зафіксаваны выпадак гібелі грамадзяніна на пажары.
Прадстаўнік службы выратавання адзначыў, што за 2024 год на тэрыторыі сельсавета адбылося 5 пажараў, адзін – у гэтым годзе. Васіль Завадскі прывёў прыклады вогненных здарэнняў і заклікаў вяскоўцаў задумацца аб уласнай бяспецы. Таксама ён нагадаў аб неабходнасці ўстаноўкі ў жылых памяшканнях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і расказаў, як падтрымліваць прыбор у спраўным стане.
— На жаль, чалавечая бяспечнасць часта становіцца прычынай трагедый. Спадзеючыся на «авось» мы рызыкуем сваім жыццём і жыццём сваіх блізкіх, – папярэдзіў ратавальнік. Каб пазбегнуць трагедый усталюйце ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік, - дадае прадстаўнік выратавальнага ведамства.
У ходзе мерапрыемства начальнік аддзела праінфармаваў жыхароў аб асноўных прычынах узнікнення пажараў, папярэдзіўшы аб недапушчальнасці курэння ў ложку ў стане алкагольнага ап'янення, дэталёва спыніўся на рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам», а таксама мерах засцярогі пры навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях.
Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі суб'ектаў прафілактыкі адказалі на цікавыя пытанні і ўручылі ўсім памяткі з карыснымі парадамі.