У гасцях у ратавальнікаў – спартыўна-аздараўленчая група «Эдэльвейс»!
Напярэдадні прафесійнага свята ў госці да выратавальнікаў завітала спартыўна-аздараўленчая група «Эдэльвейс» Глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.
Дружны калектыў «Эдэльвейс», удзельнікамі якога з'яўляюцца людзі «залатога ўзросту», якія вядуць актыўны лад жыцця, прыйшоў павіншаваць асабовы склад Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з прафесійным святам – Днём пажарнай службы. У адрас работнікаў службы «101» гучалі віншаванні, музычныя кампазіцыі, вершы і словы падзякі за нялёгкую і гераічную працу.
У абноўленай частцы пасля капітальнага рамонту першых гасцей сустрэў інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю аддзела. Яна правяла экскурсію, расказала гісторыю стварэння Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Больш дэталёва ўдзельнікі «Эдэльвейса» пазнаёміліся з абсталяваннем, тэхнікай выратавальнікаў.
Намеснік начальніка аддзела Алег Салодкі, спыніўся на правілах пажарнай бяспекі, асноўных прычынах пажарных надзвычайных сітуацый, а таксама на прафілактычных мерапрыемствах па іх недапушчэнні, прадэманстраваў прынцып працы вогнетушыцеля, спыніўся на сезонных мерапрыемствах – правілах наведвання лясоў, вадаёмаў.
– Летам важна выконваць правілы бяспекі на вуліцы, дома, на прыродзе і на вадзе.
Сустрэча перарасла ў музычнае віншаванне
– Прафесійную дзейнасць і працу выратавальніка-пажарнага, а таксама ўсіх, хто стаіць на варце нашай бяспекі, немагчыма пераацаніць. Ваша праца патрабуе мужнасці, прафесіяналізму і гатоўнасці да самаахвяравання. Выказваем Вам нашы словы захаплення! І, вядома, прыміце ад нас віншаванні, – дзеліцца ўдзельніца групы «Эдэльвейс».
Сустрэча атрымалася цёплай і добрай. Выратавальнікі падзякавалі ўдзельніц групы за віншаванне і цудоўны настрой.