Ва ўрочышчы Борак адбыўся мітынг-рэквіем «У імя жыцця на зямлі»
На мемарыяльным комплексе ва ўрочышчы Борок – месцы для глыбочан асаблівым, месцы памяці і смутку, дзе спачываюць больш за 27 тысяч савецкіх ваеннапалонных, ахвяр фашысцкага канцлагера «Беразвечча», – адбыўся мітынг-рэквіем «У імя жыцця на зямлі».
Удзел у мітынгу прынялі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны працы, моладзь і школьнікі.
– Мы павінны абараняць святую праўду аб нашай Перамозе. Новыя пакаленні павінны ведаць, чаму вайна названа Вялікай, і ганарыцца Перамогай, – гаварылі ўдзельнікі мітынгу.
– Жыхары раёна прайшлі праз усе выпрабаванні ваеннага часу. Тысячы нашых землякоў пайшлі на фронт, многія не вярнуліся з палёў бітваў. Тыя, хто застаўся ў тыле, працавалі не пакладаючы рук, забяспечваючы фронт усім неабходным. Многіх нашых землякоў напаткаў лёс стаць вязнямі гета і лагераў смерці. Сёння мы з глыбокай павагай успамінаем усіх, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Нягледзячы ні на што, глыбачане гераічна адбівалі атакі ворага, змагаючыся ў шэрагах Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадах і падпольных арганізацыях. Многія воіны не дажылі да светлых дзён Перамогі. Яны даказалі вернасць прынятай Прысязе вельмі дарагім коштам – коштам свайго жыцця.
Мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы Борок – гэта тое месца, якое для кожнага з нас з'яўляецца сімвалам агульнай памяці! Сімвалам мужнасці і патрыятызму, – гэтыя словы старшыні райвыканкама Аляксандра Шубскага знайшлі водгук у сэрцы кожнага з прысутных.
Аб тым, як важна шанаваць памяць усіх тых, хто паклаў сваё жыццё за зямлю сваю родную, за ўсіх нас, за наша агульнае дабро, гаварыў, звяртаючыся да ўсіх прысутных, благачынны царкоўнай акругі, протаіерэй Міхаіл Ізаітко.