Вішнёвая сталіца запрашае!

Кожны год наш горад Глыбокае патанае ў белым колеры вішні, а летам яна цешыць нас багатым ураджаем сакавітых ягад. Смачнейшай глыбоцкай вішні няма, гэты факт прызнаны даўно. І таму невыпадкова ў горадзе праходзіць Вішнёвы фестываль, а Глыбокае па праву называецца вішнёвай сталіцай.

6 снежня 2012 года ў горадзе Мінску адбыўся фінал Рэспубліканскага конкурсу творчых работ па прасоўванні гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь у рамках III Міжнароднага форуму «Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць».

Праект «Вішнёвы фестываль», прадстаўлены Глыбоцкім раёнам, які заняў ганаровае другое месца, паклаў пачатак у працэсе вяртання Глыбоцкаму краю ранейшага ганаровага звання «Горад-сад». Сёння прыгожыя дрэўцы, якія прыносяць плады вішні, можна ўбачыць у кожным двары нашага горада і раёна. Гэта дзякуючы таму, што ў 20-30 гады XIX стагоддзя наш зямляк – селекцыянер Баляслаў Лапыр, вывёў уласныя зімаўстойлівыя гатункі вішні – гібрыд вішні і чарэшні са салодкімі, сакавітымі і буйнымі пладамі.

Фестываль вішні – гэта яркае займальнае мерапрыемства для ўсёй сям'і! І, вядома, цэнтральным госцем з'яўляецца сама Вішнёвая каралева! Але гасцей чакае і маса іншых забаў у самых розных напрамках!

Фестываль прапануе не толькі пацешыцца вішнёвымі пачастункамі, але і прыняць удзел ва ўсіх магчымых актыўнасцях. Госці змогуць праявіць свой творчы патэнцыял і з карысцю, але пры гэтым весела, правесці час!

24 – 25 ліпеня 2026 года горад Глыбокае ператворыцца ў цэнтр ягаднага свята, дзе будуць панаваць весялосць, творчасць і смак! Вішнёвы фестываль 2026 года абяцае стаць яркай падзеяй для ўсіх жыхароў і гасцей Глыбоччыны.

З радасцю запрашаем усіх на свята!

Глыбокае Вішнёвая сталіца