Сельскія выканаўчыя камітэты
Сельскія выканаўчыя камітэты з'яўляюцца выканаўчымі і распарадчымі органамі і дзейнічаюць на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года № 108-З «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і іншых актаў заканадаўства.
Яны прадстаўляюць інтарэсы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак раёна ва ўзаемаадносінах з іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі; зацвярджаюць планы мерапрыемстваў па пытаннях добраўпарадкавання адпаведнай тэрыторыі, камунальна-бытавога і сацыяльнага абслугоўвання грамадзян, сацыяльнай падтрымкі дзяцей, моладзі, ветэранаў, інвалідаў, пажылых людзей і іншых катэгорый грамадзян у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, падтрымкі малога прадпрымальніцтва, аховы здароўя, адукацыі, развіцця фізічнай культуры і спорту, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, паляпшэння ўмоў і аховы працы, забеспячэння радыяцыйнай бяспекі, аховы гісторыка-культурнай спадчыны і па іншых пытаннях мясцовага значэння, ажыццяўляюць кантроль за выкананнем планаў гэтых мерапрыемстваў;
арганізуюць работу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, склікаюць мясцовыя сходы, аказваюць садзейнічанне ў выкананні іх рашэнняў, вылучаюць кандыдатаў у члены калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, заахвочваюць органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання за актыўны ўдзел у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння;
забяспечваюць добраўпарадкаванне і падтрыманне належнага санітарнага стану на адпаведнай тэрыторыі, у тым ліку ў аграгарадках, прыцягваюць грамадзян і арганізацыі да ажыццяўлення такіх работ;
арганізуюць асвятленне вуліц і ўстаноўку паказальнікаў з назвамі вуліц і нумарамі дамоў;
арганізуюць работы па выдаленні камунальных адходаў;
здзяйсняюць дзеянні, звязаныя з рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану;
здзяйсняюць натарыяльныя дзеянні;
ажыццяўляюць рэгістрацыю грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання;
ажыццяўляюць персанальна-першасны воінскі ўлік прызыўнікоў і ваеннаабавязаных у сельскай мясцовасці і гарадскім пасёлку Падсвілле;
прымаюць меры, накіраваныя на развіццё і стымуляванне дзейнасці асабістых падсобных гаспадарак грамадзян;
вядуць пагаспадарскія кнігі, улік асабістых падсобных гаспадарак грамадзян;
вядуць адміністрацыйны працэс;
ствараюць камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы (з кансультацыйнымі пунктамі і пунктамі пракату сельскагаспадарчай тэхнікі, гужавых і іншых сродкаў) па аказанні грамадзянам, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, паслуг па вырошчванні сельскагаспадарчых культур і ўборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў, рэалізацыі вырашчанай прадукцыі, нарыхтоўцы паліва, апрацоўцы зямельных участкаў і іншых паслуг, камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы па аказанні грамадзянам, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, паслуг (выкананні работ), звязаных з будаўніцтвам і рамонтам аднакватэрных і блакіраваных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў на прадастаўленых грамадзянам зямельных участках;
разглядаюць пытанні аб неабходнасці вызвалення ад пасад кіраўнікоў размешчаных на адпаведнай тэрыторыі арганізацый, маёмасць якіх не знаходзіцца ў камунальнай уласнасці гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, у выпадку невыканання імі рашэнняў Савета, выканкама першаснага ўзроўню, альбо Савета, выканкама базавага ўзроўню, альбо Савета, выканкама абласнога ўзроўню, прынятых у межах іх кампетэнцыі, або іншых актаў заканадаўства і ўносяць адпаведныя прапановы ў выканкам базавага ўзроўню;
разглядаюць пытанні аб неабходнасці прыцягнення да адказнасці размешчаных на адпаведнай тэрыторыі арганізацый, іх службовых асоб і іншых грамадзян, аб пакрыцці шкоды, прычыненай іх рашэннямі, дзеяннямі (бяздзейнасцю) інтарэсам грамадзян, мясцовай гаспадарцы, навакольнаму асяроддзю, у выпадку невыканання імі рашэнняў Савета, выканкама першаснага ўзроўню, альбо Савета, выканкама базавага ўзроўню, альбо Савета, выканкама абласнога ўзроўню, прынятых у межах іх кампетэнцыі, або іншых актаў заканадаўства і ўносяць адпаведныя прапановы ў выканкам базавага ўзроўню;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.