Парадак афіцыйнага апублікавання прававых актаў Рэспублікі Беларусь вызначаецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» і Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2012 г. № 3 «Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўступлення ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь».
З 1 ліпеня 2012 г. адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання прававых актаў, зарэгістраваных у Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (далей – Партал) – асноўны дзяржаўны інтэрнэт-рэсурс у галіне права і прававой інфарматызацыі. Датай афіцыйнага апублікавання прававога акта лічыцца дата яго размяшчэння на Партале.
Размяшчэнне прававых актаў на Партале ажыццяўляецца ў поўнай адпаведнасці з падпісанымі арыгіналамі. Датай афіцыйнага апублікавання прававога акта лічыцца дата яго размяшчэння на Партале.
Афіцыйнае апублікаванне на Партале ажыццяўляецца толькі ў раздзеле «Афіцыйнае апублікаванне».
Акрамя таго, названыя прававыя акты могуць быць абнародаваны (апублікаваны) у наступных афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях:
зборніку прававых актаў «Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь»;
газеце «Савецкая Беларусь» – рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам, дэкрэты, указы, распараджэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міждзяржаўныя і міжпраўныя дагаворы, пастановы пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда;
газеце «Звязда» – законы Рэспублікі Беларусь, пастановы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, міжнародныя дагаворы (на беларускай мове);
газеце «Народная газета» – законы Рэспублікі Беларусь, пастановы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, міжнародныя дагаворы (на рускай мове);
газеце «Рэспубліка» – пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, распараджэнні Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага банка, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Следчага камітэта, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь міжведамаснага характару;
перыядычных друкаваных выданнях, якія вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў, абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.
Абнародаванне (апублікаванне) прававых актаў у названых друкаваных выданнях не з'яўляецца афіцыйным.
У адпаведнасці з рашэннямі Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта ад 14 мая 2012 г. № 578 «Аб органе абнародавання (апублікавання) нарматыўных прававых актаў Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2012 г., № 65, 9/50433) і Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў ад 18 мая 2012 г. № 124 «Аб органе абнародавання (апублікавання) нарматыўных прававых актаў Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2012 г., № 65, 9/50459) з 1 ліпеня 2012 г. раённая газета «Веснік Глыбоччыны» вызначана органам абнародавання (апублікавання) нарматыўных прававых актаў адпаведна Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта і Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў.