Нарматыўныя прававыя акты раённага выканаўчага камітэта

У адпаведнасці з артыкуламі 1, 2, 19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 7, 2/136):

нарматыўны прававы акт – афіцыйны дакумент устаноўленай формы, прыняты (выдадзены) у межах кампетэнцыі ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа ( службовай асобы) або шляхам рэферэндуму з выкананнем устаноўленай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь працэдуры, які змяшчае агульнаабавязковыя правілы паводзін, разлічаныя на неазначанае кола асоб і неаднаразовае прымяненне;

рашэнні органаў мясцовага кіравання і самакіравання – нарматыўныя прававыя акты, якія прымаюцца мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі ў межах сваёй кампетэнцыі з мэтай вырашэння пытанняў мясцовага значэння і маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі.

Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах сваёй кампетэнцыі прымаюць нарматыўныя прававыя акты ў форме рашэнняў.

Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, адмяняюцца вышэйстаячымі Саветамі дэпутатаў і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права прыпыняць рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, адмяняюцца адпаведнымі Саветамі дэпутатаў, вышэйстаячымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Прынятыя нарматыўныя прававыя акты абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў падлягаюць абавязковай юрыдычнай экспертызе, якая праводзіцца Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, а нарматыўныя прававыя акты мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню – абавязковай юрыдычнай экспертызе, якая праводзіцца адпаведным упраўленнем юстыцыі абласнога выканаўчага камітэта.