Савет у сваёй дзейнасці па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння зыходзіць з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў грамадзян, удзельнічае ў абмеркаванні пытанняў рэспубліканскага значэння, якія закранаюць інтарэсы адпаведнай тэрыторыі, уносіць па іх свае прапановы ў адпаведныя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, выконвае рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў.
Савет ажыццяўляе сваю дзейнасць у форме сесій і праз дзейнасць органаў Савета, а таксама шляхам рэалізацыі дэпутатамі Савета сваіх паўнамоцтваў, у тым ліку праз стварэнне і дзейнасць дэпутацкіх груп і іншых дэпутацкіх аб'яднанняў.
Органамі Савета з'яўляюцца прэзідыум, пастаянныя і часовыя камісіі Савета.
Савет арганізуе сваю працу на аснове рэгламенту, зацвярджальнага Саветам, у якім вызначаюцца парадак падрыхтоўкі, унясення і разгляду пытанняў на сесіях Савета і пасяджэннях яго органаў, галасавання па прымаемых рашэннях, фарміравання і дзейнасці камісій Савета, заслухоўвання справаздач аб іх рабоце, разгляду запытаў дэпутатаў Савета і вырашэння іншых пытанняў арганізацыі работы Савета і яго органаў, а таксама адказнасць дэпутатаў Савета за няўдзел у яго рабоце без уважлівых прычын.
Вышэйстаячыя Саветы ажыццяўляюць каардынацыю дзейнасці ніжэйстаячых Саветаў і іх органаў, аказваюць ім арганізацыйна-метадычную дапамогу.
Арганізацыйна-тэхнічнае і іншае забеспячэнне дзейнасці Савета і створаных ім органаў ажыццяўляецца апаратам Савета і выканкамам за кошт сродкаў адпаведнага мясцовага бюджэту. Штататная колькасць работнікаў апаратаў Саветаў устанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Пытанні, якія закранаюць інтарэсы сумежных тэрыторый, вырашаюцца адпаведнымі Саветамі сумесна.
Саветы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам:
прадстаўляюць інтарэсы адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ва ўзаемаадносінах з іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі;
зацвярджаюць інвестыцыйныя праграмы, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, мясцовы бюджэт і справаздачу аб яго выкананні;
зацвярджаюць рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў, якія забяспечваюць рэалізацыю дзяржаўных праграм, што прадугледжваюць фінансаванне за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў (Саветы абласнога і базавага узроўняў), канцэпцыі (Саветы першаснага узроўню – планы мерапрыемстваў) па пытаннях жыллёвага будаўніцтва, добраўпарадкавання адпаведнай тэрыторыі, дарожнага будаўніцтва, камунальна-бытавога і сацыяльнага абслугоўвання грамадзян, сацыяльнай падтрымкі дзяцей, моладзі, сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей (у тым ліку аказанне дапамогі да навучальнага года), ветэранаў, інвалідаў, пажылых людзей, а таксама іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, аховы здароўя, адукацыі, развіцця фізічнай культуры і спорту, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, паляпшэння ўмоў і аховы працы, забеспячэння радыяцыйнай бяспекі, аховы гісторыка-культурнай спадчыны і па іншых пытаннях мясцовага значэння;
вызначаюць у межах, устаноўленых законам, парадак кіравання і распараджэння ўласнасцю адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі (далей, калі не пазначана іншае, – камунальная ўласнасць);
распараджаюцца прыроднымі рэсурсамі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў;
устанаўліваюць у адпаведнасці з законам мясцовыя падаткі і зборы;
прадастаўляюць або даручаюць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прадастаўляць у адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь і (або) актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь льготы па падатках, зборах (пошлінах);
вызначаюць стаўкі плацяжоў у выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі (у тым ліку стаўкі платы за арэнду паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, водных аб'ектаў);
вырашаюць пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання;
прызначаюць мясцовыя рэферэндумы;
каардынуюць дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
удзельнічаюць сумесна з асацыяцыямі Саветаў у рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў;
садзейнічаюць развіццю прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, сферы паслуг, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, асабістых падсобных гаспадарак;
удзельнічаюць у ажыццяўленні мерапрыемстваў па захаванні і адраджэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей;
удзельнічаюць у мерапрыемствах па захаванні гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
удзельнічаюць у папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, выкананні мерапрыемстваў па грамадзянскай абароне, забеспячэнні пажарнай, прамысловай, ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
зацвярджаюць рэгламент і структуру Савета;
штогод зацвярджаюць каштарыс расходаў Савета;
вырашаюць пытанні датэрміновага спынення паўнамоцтваў дэпутатаў Савета;
абіраюць і датэрмінова вызваляюць ад паўнамоцтваў старшыню Савета і яго намесніка (намеснікаў);
зацвярджаюць на пасаду старшыню выканкама;
утвараюць і скасоўваюць органы Савета, зацвярджаюць і змяняюць іх склад, абіраюць і вызваляюць ад паўнамоцтваў старшынь і намеснікаў старшынь (пры іх наяўнасці) гэтых органаў;
вырашаюць пытанні аб удзеле ў стварэнні асацыяцый, аб уваходжанні або выхадзе з іх;
разглядаюць запыты дэпутатаў Савета і прымаюць па іх рашэнні;
заслухоўваюць справаздачы старшыні Савета, а таксама органаў Савета, выбарных, назначаемых або зацвярджаемых старшынёй Савета службовых асоб, справаздачы і іншую інфармацыю старшыні і іншых службовых асоб адпаведнага выканкама па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета;
вырашаюць пытанні дэлегавання асобных паўнамоцтваў Саветам іншых тэрытарыяльных узроўняў, выканкамам, іх старшыням, органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
вызначаюць тэрміны і парадак вызвалення ад выканання працоўных (службовых) абавязкаў дэпутатаў Савета, якія працуюць на падставе працоўных дагавораў (кантрактаў), на час падрыхтоўкі і правядзення сесій Савета і пасяджэнняў яго органаў;
адмяняюць не адпаведныя заканадаўству распараджэнні старшыні Савета і старшыні адпаведнага выканкама, рашэнні адпаведнага выканкама, рашэнні ніжэйстаячага Савета і распараджэнні яго старшыні;
выступаюць заснавальнікамі мясцовых сродкаў масавай інфармацыі;
прымаюць рашэнні аб самароспуску;
ажыццяўляюць міжнароднае супрацоўніцтва;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.
Саветы базавага ўзроўню ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам:
зацвярджаюць тэрытарыяльныя планы развіцця раёнаў, генеральныя планы гарадоў раённага падпарадкавання і іншых населеных пунктаў, размешчаных на адпаведнай тэрыторыі;
вызваляюць ад пералічэння ў бюджэт даходаў, атрыманых ад перадачы ў карыстанне маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці;
устанаўліваюць ліміт доўгу органаў мясцовага кіравання і самакіравання на чарговы фінансавы год і ліміт доўгу, гарантаванага мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;
вызначаюць меры сацыяльнай падтрымкі дзяцей, моладзі, сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей (у тым ліку аказанне дапамогі да навучальнага года), ветэранаў, інвалідаў, пажылых людзей, а таксама іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе, меры па аказанні дапамогі ў падрыхтоўцы лагераў да летняга аздараўленчага перыяду;
праводзяць рэгіянальныя сходы дэпутатаў Саветаў з удзелам дэпутатаў Саветаў усіх тэрытарыяльных узроўняў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад адпаведных выбарчага акругі і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, з запрашэннем прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскіх аб'яднанняў, на якіх заслухоўваюць інфармацыю кіраўнікоў выканаўчых і распарадчых органаў і Саветаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і разглядаюць іншыя пытанні, найбольш хвалюючыя насельніцтва;
прысвойваюць званне ганаровага грамадзяніна адпаведна горада, раёна, вызначаюць парадак прысваення такога звання і асаблівасці статусу ганаровага грамадзяніна;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.
Саветы першаснага ўзроўню ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам:
уносяць у Савет і выканкам базавага ўзроўню прапановы па сацыяльнай абароне грамадзян;
уносяць у Савет базавага ўзроўню прапановы аб памерах адлічэнняў ад мясцовых падаткаў і збораў, сумах датацый у бюджэты першаснага ўзроўню;
ўзаемадзейнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі, забяспечваюць іх інфармацыяй аб дзейнасці Саветаў першаснага ўзроўню, садзейнічаюць рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі на адпаведнай тэрыторыі;
вылучаюць кандыдатаў у члены калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
зацвярджаюць палажэнне аб аднаасобным органе тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
прымаюць рашэнне аб скасаванні калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.