Юбілейную эстафету, прысвечаную 85-годдзю ўтварэння Глыбоцкага раёна, прымаў Азярацкі сельсавет
Мерапрыемства аб'яднала школьную моладзь і ветэранаў працы Азярэччыны.
Цёпла і шчыра сустракалі прысутныя ў зале былога дырэктара саўгаса «Азярцы», кавалера ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэна Леніна Пятра Іванавіча Мяжэніна, праслаўленых хлебаробаў кавалера ордэна Леніна Антона Казіміравіча Садоўскага і кавалера ордэна «Знак Пашаны» Пятра Феадосьевіча Лукашэвіча, слаўную працаўніцу, былога намесніка галоўнага бухгалтара гаспадаркі, а цяпер старэйшыну вёскі Каміншчына Альдону Іосіфаўну Хахолка, ветэранаў, прадстаўнікоў сельскай інтэлігенцыі, выдатных работніц культуры Лідзію Канстанцінаўну Завацкую і Таццяну Аляксееўну Мышкоўскую, ветэрана педагагічнай працы, былога дырэктара школы Пятра Уладзіміравіча Калягу.
Гарача віталі ўдзельнікі сустрэчы-дыялогу старшыню Азярэцкага сельвыканкама Святлану Анашкевіч і дырэктара Азярэцкай сярэдняй школы, дэпутата Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Людмілу Лукашэвіч і гасцей з райцэнтра старшыню Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Веру Целіцу, начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Людмілу Карніловіч і начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяну Гаўрылаву.
Ледзь ці не кожны з удзельнікаў мерапрыемства прымаў непасрэдны ўдзел у інтэрактыўнай мультымедыйнай лекцыі «Глыбоцкі раён: падзеі і людзі», прапанаванай навуковым супрацоўнікам раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Уладзімірам Мірончыкам. Гэта было захапляючае завочнае падарожжа па старонках па-сапраўднаму гераічнай працоўнай летапісу нашага краю.
Шмат слоў падзякі за самаадданую працу, за вернасць і адданасць роднай зямлі выказала ў адрас землякоў Святлана Вацлаваўна Анашкевіч.