За бяспеку разам
22 кастрычніка 2021
З 18 па 29 кастрычніка па ўсёй краіне пройдуць мерапрыемствы па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе ў рамках рэспубліканскай акцыі «За бяспеку разам!».
Мэтай акцыі з'яўляецца зніжэнне колькасці пажараў, якія адбываюцца па прычыне невыканання правіл пажарнай бяспекі ў жылых будынках і збудаваннях, населеных пунктах і тэрыторыях, павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг у сферы забеспячэння пажарнай бяспекі, умацаванне правапарадку, папярэджанне правапарушэнняў, што здзяйсняюцца грамадзянамі ў стане алкагольнага ап'янення. Мерапрыемствы акцыі накіраваны на павышэнне ўзроўню бяспекі насельніцтва, актывізацыю пажарна-прафілактычнай працы, аналіз яе эфектыўнасці і ацэнку гатоўнасці тэрыторый і домаўладанняў грамадзян да асенне-зімовага пажаранебяспечнага перыяду.
Падчас акцыі работнікі МНС будуць інфармаваць насельніцтва аб стане пажарнай бяспекі, растлумачваць грамадзянам наступствы невыканання правіл пажарнай бяспекі, пакідання дзяцей без нагляду і злоўжывання спіртнымі напоямі. Яны акажуць дапамогу рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і іншым арганізацыям у навучанні грамадзян мерам пажарнай бяспекі ў быце і на вытворчасці, а таксама пазаштатным пажарным фарміраванням у арганізацыі пажарна-прафілактычнай працы. Акрамя таго, увага мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў будзе акцэнтавана на неабходнасці правядзення рэгулярнай і мэтанакіраванай працы па забеспячэнні пажарнай бяспекі на адпаведнай тэрыторыі, у тым ліку павышэння ўзроўню супрацьпажарнай абароны дамоўладанняў кватэр адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў.
Падчас акцыі кожны грамадзянін можа звярнуцца ў тэрытарыяльны орган па надзвычайных сітуацыях для правядзення абследавання супрацьпажарнага стану жылля. Для гэтага дастаткова патэлефанаваць на нумар МНС 101 ці 112.