Жыхарка вёскі Пліса Зінаіда Нарушэвіч святкуе стогадовы юбілей
Зінаіда Васільеўна пражыла нялёгкае, але доўгае жыццё...
Яна нарадзілася 10 лютага 1926 года ў вёсцы Прыстань Пскоўскай вобласці. Бацькі памерлі да вайны, і Зіна, яе сястра Марыя і брат Павел рана засталіся сіротамі. Жылі з сваякамі па матчынай лініі. Восенню 1942 года жыхароў вёскі і навакольных населеных пунктаў, дарослых і дзяцей, немцы вывезлі ў канцлагер, які знаходзіўся ў беларускім Слуцку. Там Зіна знаходзілася да вясны 1944 года. Пасля вызвалення Беларусі дзяцей адправілі спачатку ў Паставы, а затым усіх размеркавалі па вёсках суседніх раёнаў.
Былую вязніцу Зіну разам з сястрой Марыяй прывезлі ў вёску Усава Падсвільскага раёна. На Глыбоччыне Зінаіда Васільеўна сустрэла сваё каханне, выйшла замуж за мясцовага хлопца, нарадзіла траіх дзяцей, працавала даяркай у мясцовай гаспадарцы.
Цяпер жанчына жыве ў унучкі Наталлі Рогач на Глыбокскай вуліцы ў вёсцы Пліса. Павіншаваць Зінаіду Васільеўну з салідным юбілеем прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Целіца, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Глыбоцкага раёна Віктар Васюковіч, старшыня Пліскага сельвыканкама Васіль Пліска, дырэктар УП «Мнюта» Жанна Шынкевіч.
Госці дарылі юбілярцы кветкі, падарункі, жадалі здароўя, аптымізму і доўгіх гадоў жыцця. Васіль Пліска ўручыў Зінаідзе Нарушэвіч новы пашпарт грамадзянкі Беларусі з пажаданнем быць прыкладам даўгалецця для ўсіх пажылых людзей Глыбоччыны.