Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42
Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30
У гэтым годзе Усебеларускі Хрэсны ход "Царква і армія" прысвечаны 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Праводзіцца ён па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна. Урачыстае царкоўнае шэсце сягоння праходзіць па 70 гарадах і населеных пунктах краіны пад дэвізам "Памяць. Вера. Айчына". Мэта гэтага духоўна-патрыятычнага праекта – увекавечванне памяці і ўслаўленне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У першы летні дзень ля сабора Раства Прасвятой Багародзіцы сімвал Хрэснага ходу сустракалі святары Глыбоцкага благачыння, ваеннаслужачыя 2-га асобнага стралковага батальёна вайсковай часці 5524, супрацоўнікі ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, міжраённага аддзела прымусовага выканання, члены раённых арганізацый ГА "Беларускі саюз афіцэраў", ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Аўганістане", юныя ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба "Паўночны", гараджане і госці горада.
У храме была адслужана памінальная літыя, падчас якой здзяйснялася малітоўнае памінанне абаронцаў роднай зямлі і ўсіх пацярпелых у цяжкi час варожай акупацыі.
Ад імя Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў да ўдзельнікаў IV Усебеларускага Хрэснага хода "Царква і войска" з прывітальнай прамовай звярнулася намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч:
– Восем дзесяцігоддзяў беларускі народ жыве і працуе пад мірным небам. Магчымасць гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню даў нам ратны подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў.
Сёння мы ўслаўляем мужнасць воiнаў, гераізм партызан і падпольшчыкаў, тытанічныя намаганні працаўнікоў тылу. І, вядома ж, вельмі важна, каб кожнае новае пакаленне ведала гісторыю вайны, шанавала памяць яе герояў. Таму немагчыма пераацаніць ролю Усебеларускага Хрэснага ходу "Царква і армiя", ініцыятарам якога выступіла Беларуская праваслаўная царква сумесна з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўным пагранiчным камітэтам.
Благачынны Глыбоцкага благачыння протаіерэй Міхаіл Ізаітко абвясціў пасланне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веньяміна да ўдзельнікаў IV Усебеларускага Хрэснага ходу "Царква і армiя".
Пранікнёна гучалі заключныя словы з паслання: "Хросны ход, кажучы вайсковай мовай, – гэта вайсковы марш-кідок па усіх абласцях Беларусі, па ўсіх епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы, які ажыццяўляецца намі са зброяй хрысціянскай веры, – са святым Крыжом. Няхай жа Крыж Хрыстоў і любоў Божая ахінае нашу Айчыну, захоўвае яе ў мiры, дабрабыце і чысціні".
Ад сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ўдзельнікі Хрэснага хода накіраваліся ў парк Перамогі. Тут, ля помніка загінуўшым воінам і партызанам, адбыўся мітынг-рэквіем.
На мітынгу выступіў выконваючы абавязкі ваеннага камісара Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Уладзімер Суглобаў.
Пра тое, як важна шанаваць памяць тых, хто паклаў сваё жыццё за зямлю сваю родную, за ўсіх нас, казаў, звяртаючыся да ўсіх прысутным благачынны царкоўнай акругі, протаіерэй Міхаіл Ізаітко.
Сабраўшыяся хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых за свабоду нашай Радзімы, усклалі да падножжа помніка гірлянду памяці. Зямлю, сабраную з месцаў воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў змясцілі ў спецыяльную капсулу.
З Глыбоччыны гэты сімвал Усебеларускага Хрэснага ходу перададзены жыхарам суседняга Пастаўскага раёна.